30 жніўня 1579 года войскі Рэчы Паспалітай вызвалілі Полацк, захоплены Іванам Грозным Заўтра спаўня…

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

30 жніўня 1579 года войскі Рэчы Паспалітай вызвалілі Полацк, захоплены Іванам Грозным

Заўтра спаўняецца 447 гадоў з дня вызвалення Полацка — адной з найважнейшых падзей Лівонскай вайны. Пасля амаль трохтыднёвай аблогі войскі Рэчы Паспалітай пад камандаваннем караля і вялікага князя Стэфана Баторыя прымусілі капітуляваць маскоўскі гарнізон.
Полацк вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага праз 16 гадоў пасля таго, як у 1563 годзе яго захапілі войскі Івана IV Грознага.

Паход на Полацк

Горад меў вялікае стратэгічнае значэнне: ён стаяў на Дзвіне, якая злучала беларускія землі з Лівоніяй і Балтыйскім морам. Пасля захопу маскоўскія войскі значна ўмацавалі Полацк, у тым ліку ўзвялі магутныя дубовыя сцены.

У 1577 годзе Маскоўская дзяржава пачала новае наступленне ў Лівоніі. У адказ Сейм Рэчы Паспалітай ухваліў дадатковыя падаткі на вайну, а Стэфан Баторый сабраў вялікае войска.

У паходзе ўдзельнічалі падраздзяленні Кароны Польскай і ВКЛ, магнацкія атрады, паспалітае рушэнне, а таксама нямецкія і венгерскія наёмнікі. Войска налічвала каля 41,7 тысячы чалавек: гусараў, рэйтараў, казакаў, пяцігорцаў, стральцоў і пехацінцаў.

Тры тыдні аблогі

Аблога пачалася 11 жніўня. Вакол Полацка будавалі шанцы, рабілі падкопы пад сцены і рыхтавалі міны. Горад абстрэльвалі распаленымі ядрамі, аднак падпаліць магутныя дубовыя ўмацаванні доўга не ўдавалася.

Стральцы тушылі пажары і адбівалі атакі. Дапамагала ім і дажджлівае надвор’е: мокрыя сцены не гарэлі, дарогі ператварыліся ў суцэльны бруд, а ў войска Баторыя ўзніклі праблемы з дастаўкай правіянту. Маскоўскія атрады з Туроўлі і Сокала таксама нападалі на шляхі забеспячэння.

Да канца жніўня становішча войска Рэчы Паспалітай пагоршылася, таму ваенная рада прыняла рашэнне аб агульным штурме.

29 жніўня нападнікам нарэшце ўдалося падпаліць адну з вежаў і частку сцяны. Пасля абвалу ўмацаванняў польская і венгерская пяхота пайшла ў атаку. Аднак абаронцы паспелі выкапаць роў насупраць пралома і спынілі першы штурм.

Каб маскоўскія войскі не паспелі ўмацаваць брэш, Баторый загадаў атакаваць паўторна. Венгерская пяхота прабілася да абарончых збудаванняў. Гарнізон панёс вялікія страты, яго маральны дух упаў — пачаліся перамовы.
Частка ваяводаў хацела працягваць супраціў і планавала ўзарваць запасы пораху разам з крэпасцю. Аднак стральцы не падтрымалі гэты план і сілай вывелі яго прыхільнікаў з Сафійскага сабора.

Вызваленне горада

30 жніўня 1579 года абаронцы пагадзіліся скласці зброю. На наступны дзень Стэфан Баторый увайшоў у Полацк.

Гарнізон атрымаў ганаровыя ўмовы капітуляцыі: каля шасці тысяч чалавек маглі пакінуць горад з асабістай маёмасцю. У палоне засталіся толькі частка кіраўнікоў і тыя, хто хацеў абараняцца да канца.

Вызваленне Полацка дазволіла войскам Рэчы Паспалітай перахапіць стратэгічную ініцыятыву. Неўзабаве былі вернутыя Дрыса, Нішча і Туроўля, капітулявала Суша, а Сокал узялі штурмам. Былі здзейснены рэйды Філонам Кмітам па Смаленшчыне, а на паўднёвым тэатры баявых дзеянняў Канстанцінам Астрожскім і Міхаілам Вішнявецкім быў узяты ў аблогу Чарнігаў.

Весткі пра перамогу перакладалі на лацінскую і нямецкую мовы і ў выглядзе «лятучых лісткоў» распаўсюджвалі па Еўропе.

Сярод удзельнікаў паходу быў Андрэй Курбскі — былы паплечнік Івана Грознага, які перайшоў на бок ВКЛ. Пасля вызвалення Полацка ён звярнуўся да маскоўскага цара:
«Дзе твае перамогі?»