Ці можа вайна быць святой: две візіі праваслаўя ў словах патрыярхаў Варфаламея і Кірыла.Вайна Расіі…

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

Ці можа вайна быць святой: две візіі праваслаўя ў словах патрыярхаў Варфаламея і Кірыла.

Вайна Расіі супраць Украіны стала не толькі найбуйнейшым узброеным канфліктам у Еўропе пасля Другой сусветнай вайны, але і сур’ёзным выпрабаваннем для сучаснага праваслаўнага свету.

За гады вайны выразна выявіліся дзве прынцыпова розныя багаслоўскія і маральныя пазіцыі, якія ўвасабляюць патрыярх Маскоўскі Кірыл і Сусветны патрыярх Варфаламей.

Калі кіраўнік Маскоўскага патрыярхату працягвае апраўдваць расійскую агрэсію і надаваць ёй духоўнае вымярэнне, то патрыярх Канстанцінопальскі настойліва сцвярджае, што любая спроба сакралізаваць вайну супярэчыць самой сутнасці Евангелля.

У нядаўнім інтэрв’ю балгарскаму выданню «Дзверы» Сусветны патрыярх Варфаламей рэзка раскрытыкаваў пазіцыю кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы, адзначыўшы, што яго заявы пра «святую вайну» ва Украіне азначаюць адыход ад асноў хрысціянскага вучэння.

Паводле патрыярха, немагчыма сумясціць прапаведаванне любові, міласэрнасці і прымірэння з апраўданнем узброенага гвалту. Ён падкрэсліў, што Царква паклікана быць інструментам міру і прымірэння, а не ідэалагічнай падтрымкай ваенных кампаній.

Асноўным прадметам крытыкі стала канцэпцыя «святой вайны», якая атрымала афіцыйнае афармленне ў дакументах Сусветнага рускага народнага сабора, што дзейнічае пад старшынствам патрыярха Кірыла.

У гэтых дакументах расійская агрэсія супраць Украіны называецца менавіта «святой вайной», якая нібыта вядзецца дзеля абароны «рускага свету», традыцыйных каштоўнасцяў і супрацьстаяння Захаду.

Такім чынам вайне надаецца рэлігійнае вымярэнне, а палітычныя і геапалітычныя мэты прадстаўляюцца як выкананне Божай волі.

Апошнім сведчаннем таго, што сакралізацыя вайны становіцца складовай часткай афіцыйнай ідэалогіі Маскоўскага патрыярхату, стала выданне новай кнігі патрыярха Кірыла «Вайна. За межамі бачных прычын і наступстваў».

Паводле афіцыйнай анатацыі выдавецтва Маскоўскага патрыярхату, кніга прысвечана «метафізіцы вайны» і прапануе яе асэнсаванне не толькі як палітычнай або ваеннай з’явы, але як духоўнай рэальнасці.

Аўтар разважае пра «выратавальны сэнс вайны», яе «метафізічныя межы», «правідэнцыяльную місію Расіі», ахвяру, гераізм і перамогу, сцвярджаючы, што зыход вайны знаходзіцца пад асаблівым Божым кіраўніцтвам.

У кнізе таксама выкарыстоўваецца вобраз рускага салдата як «воіна Госпада», а сама вайна падаецца як форма духоўнага супрацьстаяння злу.

Такім чынам узброены канфлікт прадстаўляецца ўжо не як трагедыя, выкліканая чалавечым грахом, а як падзея, якая мае сакральны і правідэнцыяльны сэнс.

Менавіта супраць такой багаслоўскай інтэрпрэтацыі вайны рашуча выступае Сусветны патрыярх Варфаламей.

На яго думку, любое наданне вайне сакральнага, выратавальнага або правідэнцыяльнага статусу азначае падмену евангельскага вучэння палітычнай ідэалогіяй.

Хрысціянства не ведае «выратавальнай вайны», бо адзінай ахвярай, якая прыносіць збаўленне чалавецтву, з’яўляецца ахвяра Ісуса Хрыста на Галгофе.

Таму любая спроба прадставіць узброены канфлікт як асаблівы шлях выканання Божай волі супярэчыць асновапаложнаму пасланню Евангелля пра уратаванне, любоў, міласэрнасць і прымірэнне.

Асаблівую ўвагу Сусветны патрыярх звяртае на тое, што Царква не павінна ператварацца ў дзяржаўны інстытут, які дабраслаўляе і апраўдвае палітычныя рашэнні ўлады.

На яго думку, служэнне Царквы заўсёды павінна захоўваць прароцкі голас сумлення, нават калі гэта патрабуе крытычнай ацэнкі дзеянняў уласнай дзяржавы.

Супрацьлегласць гэтых двух падыходаў выходзіць далёка за межы канфлікту вакол Украіны. Яна датычыць разумення самой місіі Царквы ў свеце.

Для патрыярха Варфаламея цэнтрам царкоўнага сведчання застаюцца чалавечая годнасць, свабода, мір і непарушная каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця.

Для сучаснага кіраўніцтва Маскоўскага патрыярхату ўсё больш прыкметнай становіцца тэндэнцыя інтэрпрэтаваць царкоўнае служэнне праз прызму дзяржаўных інтарэсаў і нацыянальнай ідэалогіі.