
23 ліпеня ў Вільні, у нашым праваслаўным храме Канстанцінопальскага Патрыярхату, літоўцы і беларусы ўшанавалі памяць афіцэра Літоўскага войска, гісторыка і бібліёграфа Аляксандра Ружанцова з нагоды 60-х угодкаў яго смерці. Паніхіду на беларускай і літоўскай мовах узначаліў протаіерэй Георгій Рой.
У невялікі храм сабраліся людзі з розных гарадоў Літвы. Усе не змясціліся ўнутры, таму частка ўдзельнікаў стаяла каля ўваходу і на вуліцы Bokšto. Агульная малітва стала жывым сведчаннем гістарычнай еднасці Літвы і Беларусі.
У 1919–1920 гадах Аляксандр Ружанцоў камандаваў Асобным беларускім батальёнам Літоўскага войска. За службу Літоўскай дзяржаве ён быў узнагароджаны ордэнам Крыжа Віціса. Пазней амаль два дзесяцігоддзі ўзначальваў Цэнтральную бібліятэку войска, рэдагаваў выданне «Bibliografijos žinios» і зрабіў значны ўнёсак у стварэнне нацыянальнай бібліяграфіі Літвы.
Асаблівую сімвалічную вагу мерапрыемству надало супастаўленне жыццёвых шляхоў протаіерэя Георгія Роя і протаіерэя Яна Карчынскага, капелана Беларускага батальёна.
Абодва святары значную частку свайго служэння звязалі з Гроднам. Ян Карчынскі служыў у Сафійскім саборы Гродна, займаўся асветніцкай і грамадскай дзейнасцю, а пазней пераехаў у Літву і стаў капеланам Беларускага батальёна Літоўскага войска.
Абодвух протаіерэяў яднае не толькі Гродна. Яны спалучалі пастырскае служэнне з асветніцкай і грамадскай дзейнасцю, адстойвалі права беларусаў на сваю мову, культуру і гістарычную памяць, а праз палітычныя ўзрушэнні працягнулі сваё служэнне ўжо ў Літве.
Таму малітва протаіерэя Георгія Роя за протаіерэя Яна Карчынскага і іншых беларусаў, якія служылі ў Літоўскім войску, стала нібы працягам служэння, распачатага сто гадоў таму, ужо ў іншую эпоху, але зноў на літоўскай зямлі.
Агульная гістарычная памяць
Ад імя Каўнаскага беларускага таварыства выступіла Вераніка Выгоўская. Яна распавяла пра ўдзел Беларускага батальёна ў войнах за незалежнасць Літвы і раздала ўдзельнікам камплекты паштовак «Гісторыя мужнасці Беларускага батальёна».
Выданне было падрыхтавана і апублікавана пры падтрымцы Дэпартамента нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі. У ім прадстаўлены беларускія жаўнеры і афіцэры, якія ў складзе Літоўскага войска абаранялі незалежнасць адноўленай Літоўскай дзяржавы.
Ад імя літоўцаў Амерыкі выступіў Эрнэстас Лукошавічус, а прадстаўнік Цэнтра даследаванняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы доктар Раймундас Камінскас гаварыў пра важнасць захавання агульнай гістарычнай памяці.
У той вечар смутак і надзея ішлі поруч. Смутак, бо тых, каго мы страцілі, ужо не вярнуць. Надзея, бо масты, якія яны праклалі паміж Літвой і Беларуссю, працягваюць жыць.