7 ліпеня 1864 года нарадзіўся будучы гродзенскі праваслаўны святар і гісторык, капелан літоўскага во…

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

7 ліпеня 1864 года нарадзіўся будучы гродзенскі праваслаўны святар і гісторык, капелан літоўскага войска, сябра Літоўскай тарыбы і Рады БНР — Іван Карчынскі.

Нарадзіўся ў Тальнэ (сёння Чаркаская вобласць Украіны).

Скончыў у 1879 годзе Уманскае духоўнае вучылішча, у 1885 годзе — Кіеўскую духоўную семінарыю, пасля 2 курсы юрыдычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта.

Іерэй у Пакроўскім храме Кіева і загадчык царкоўна-прыхадской школы сяла Рамашкі Васількоўскага павета Кіеўскай губерні (1887), узнагароджаны набедранікам (1890).

З 1890 года інспектар царкоўнапрыходскіх школ Гродзенскай праваслаўнай епархіі. Садзейнічаў выхаду Гродзенскай губерні на першае месца ў Расійскай імперыі па царкоўна-школьнай справе. З 1904 года ключнік і протаіерэй Барыса-Глебскага манастыра ў Гродне. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Гродзенскага царкоўна-археалагічнага камітэта.

У 1917 годзе — сябра Саюза беларускага праваслаўнага духавенства. Сябра Гродзенскай управы і Гродзенскага БНК. Адзін з сябраў арганізацыі «Бацькаўшчына» ў Гродне, якая ўзнікла пасля пераезду кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна працягнула працу мінскай арганізацыі з такой жа назвай. У 1919 годзе быў адным з арганізатараў Гродзенскай беларускай хрысціянскай суполкі, членам Дзяржаўнага савета Літвы ад насельніцтва Гродзеншчыны.

У ліпені як «небяспечны расійскі агітатар» быў заключаны польскімі ўладамі спачатку ў Кракаўскі манастыр, а затым у Беластоцкі лагер.

У красавіку 1919 года кааптаваны ў склад літоўскай Тарыбы. У канцы 1919 года ўваходзіў у склад Рады БНР. У верасні 1920 года выступіў адным з ініцыятараў беларускага антыпольскага партызанскага руху ў шчыльнай сувязі з Літвой. У 1921 годзе ў якасці праваслаўнага капелана служыў у літоўскім беларускім батальёне. Быў сябрам штаба арганізацыі В. Разумовіча — «Хмары» ў Мерачы. Затым жыў у Коўне, з’яўляўся праваслаўным капеланам Літоўскай арміі.

Памёр 2 ліпеня 1935 года ў Алітусе. Быў пахаваны на праваслаўных могілках у Коўне, знішчаных за савецкім часам.