515 год каралеўскаму прывілею 1511 года, які гарантаваў незалежнасць Праваслаўнай Царквы ў ВКЛ і Польшчы

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

515 год каралеўскаму прывілею, які гарантаваў незалежнасць Праваслаўнай Царквы ў ВКЛ і Польскім Каралеўстве

2 ліпеня 1511 года на сойме ў Брэсце вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары пацвердзіў правы Праваслаўнай Царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польскім Каралеўстве.

Перадумовай гэтага стаў Віленскі сабор Праваслаўнай Царквы, скліканы ў 1509 годзе мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі Іосіфам Солтанам. Ён распачаў працу па ўмацаванні становішча праваслаўя ў дзяржаве.

Важную ролю ў гэтым адыграў князь Канстанцін Астрожскі, якога мітрапаліт Макар называў «наймагутнейшым апекуном і дабрадзеем» Праваслаўнай Царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Дзякуючы намаганням Іосіфа Солтана, Канстанціна Астрожскага і іншых праваслаўных рэлігійных і свецкіх дзеячаў Жыгімонт Стары выдаў грамату, якая пацвярджала ўсе ранейшыя правы Праваслаўнай Царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польскім Каралеўстве.

Прывілей гарантаваў незалежнасць праваслаўнага духавенства ад свецкай улады ў пытаннях царкоўнага кіравання і судаводства, а таксама выводзіў яго з-пад юрысдыкцыі свецкіх судоў.

У тым жа 1511 годзе Канстанцін Астрожскі атрымаў дазвол аднавіць Прачысценскую саборную царкву ў Вільні, нягледзячы на ранейшую забарону вялікага князя Казіміра будаваць і рамантаваць каменныя праваслаўныя храмы. Для праваслаўных жыхароў Вялікага Княства Літоўскага гэта была адна з найважнейшых святыняў пасля Кіева-Пячэрскай лаўры. Менавіта ў Прачысценскім саборы ў студзені 1513 года была пахаваная вялікая княгіня Алена Іванаўна.

Брэсцкі прывілей 1511 года стаў адной з ключавых падзей у гісторыі праваслаўя на беларускіх і літоўскіх землях. Ён умацаваў прававы статус Царквы, спрыяў унутранай стабільнасці дзяржавы і стаў важным крокам на шляху да рэлігійнай цярпімасці, якая пазней стала адной з адметных рыс Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.