У мінулую суботу браты і сёстры нашай парафіі правялі працы па добраўпарадкаванні пахавання святара Міхаіла Пліса — выбітнага беларускага праваслаўнага дзеяча, педагога, сузаснавальніка ТБШ і аднаго з лідараў беларускага царкоўнага руху, які пахаваны на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні. Для нашай парафіі
гэтае пахаванне мае асаблівае значэнне. Айцец Міхаіл Пліс быў адным з тых, хто адстойваў беларускую мову ў праваслаўнай царкве і стаў адным з пачынальнікаў беларускага праваслаўнага руху ў Вільні.
Дзякуючы нашым парафіянам удалося пафарбаваць магільны комплекс, аднавіць надпісы залатым маркерам, прывесці да парадку прымагільную тэрыторыю, а таксама абнавіць бел-чырвона-белую стужку над купалам той часткі пахавання, дзе спачывае айцец Міхаіл Пліс. Міхаіл Пліс нарадзіўся ў Пружанах у 1858 (ці 1859) годзе. Пасля заканчэння Віленскай духоўнай семінарыі быў рукапаложаны ў святарскі сан. Працаваў святаром, педагогам, выкладаў царкоўнаславянскую мову і Закон Божы, быў сябрам Віленскай духоўнай праваслаўнай кансісторыі і ключаром Віленскага кафедральнага сабора.
Пасля вяртання ў Вільню ў 1919 годзе актыўна ўключыўся ў беларускае нацыянальнае жыццё. Ён уваходзіў у склад Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта, стаў адным з ініцыятараў стварэння Святатроіцкага беларускага праваслаўнага таварыства і быў у ліку заснавальнікаў Таварыства беларускай школы.
У 1919–1923 гадах Міхаіл Пліс выкладаў Закон Божы на беларускай мове ў Віленскай беларускай гімназіі. Пра яго з вялікай цеплынёй успамінаў паэт і выпускнік гімназіі Янка Багдановіч:
«Бацюшка Пліс праз нейкі час у Віленскай беларускай гімназіі выкладаў для беларусаў праваслаўных рэлігію. Для католікаў выкладалі кс. А. Станкевіч, кс. Рэшаць, кс. Талочка і іншыя. Бацюшка Пліс быў старэнькі, з вучнямі гаварыў толькі па-беларуску, усе яго любілі.»
У міжваенны час айцец Міхаіл быў адным з галоўных прыхільнікаў беларусізацыі праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. У гэтай справе ён супрацоўнічаў з беларускім святаром Міхаілам Галянкевічам, таксама пахаваным на Ліпаўцы. Пакінуў рукапісную працу па гісторыі праваслаўнай царквы, якая сёння захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы.
П
амёр 29 красавіка 1924 года і быў пахаваны на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні, якімі апекваецца нашая парафія. Мы вельмі радыя, што даглядаем магілу айца Міхаіла Пліса. Мы шчыра ўдзячныя яму за вернасць Праваслаўнай Царкве, беларускаму народу і беларускай мове. Яго жыццё — прыклад таго, як можна сумяшчаць святарскае служэнне з самаадданай працай дзеля беларускай адукацыі, культуры і нацыянальнага адраджэння.
Таксама вы можаце падтрымаць наш валанцёрскі клопат пра магілы выбітных беларускіх дзеячоў, пахаваных на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні. Мы выконваем вялікі аб’ём працы, ахвяруем уласны вольны час і фінансуем гэтыя працы з асабістых сродкаў і царкоўных ахвяраванняў. Часта даводзіцца працаваць у няпростых умовах — пад пякучым сонцам і ў моцную спёку. Любая ваша падтрымка дапаможа нам працягваць гэтую важную справу.
IBAN:
LT667300010191071990
Атрымальнік:
APREIŠKIMO ŠVČ. DIEVO GIMDYTOJAI KRIKŠČIONIŲ ORTODOKSŲ PARAPIJA
„Swedbank”, AB
SWIFT: HABALT22
Пазначэнне плацяжу:
Auka
А таксама праз іншыя платформы:
Patreon (для бяспечных данатаў з Беларусі),
PayPal (толькі для ахвяраванняў з-за мяжы).
Будзем вельмі ўдзячныя за дапамогу.