23 чэрвеня 1933 года загінуў праваслаўны епіскап Слуцкі Мікалай, рэабілітаваны ў 1989 годзе

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

23 чэрвеня 1933 года пры нявысветленых абставінах загінуў праваслаўны епіскап Слуцкі Мікалай (Мікалай Шамяціла) — адзін з прыхільнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння.

Нарадзіўся ў 1877 годзе ў вёсцы Аброва (сёння Івацэвіцкі раён) ў сям’і праваслаўнага святара. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, а затым Маскоўскую духоўную акадэмію. Служыў у храмах Пінскага павета, быў выкладчыкам Закона Божага, а з 1914 года стаў настаяцелем Мікалаеўскага сабора ў Слуцку і старшынёй Слуцкага аддзялення Епархіяльнага вучылішчнага савета.

Падчас польска-савецкай вайны падтрымліваў сувязі са Слуцкім беларускім нацыянальным камітэтам і культурна-асветніцкім таварыствам «Папараць-Кветка». Выступаў за беларускую нацыянальную ідэю і заклікаў маладых настаўнікаў служыць бацькаўшчыне і беларушчыне.

У пачатку 1920-х гадоў зблізіўся з прыхільнікамі аўтакефаліі Беларускай праваслаўнай царквы. У сакавіку 1923 года мітрапаліт Мелхіседэк пасвяціў айца Мікалая ў епіскапа Слуцкага, вікарыя Мінскай епархіі. Ён выступаў супраць абнаўленцаў і Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы.

У жніўні 1926 года быў арыштаваны ДПУ БССР па абвінавачванні ў «антысавецкай дзейнасці», але ўжо праз месяц вызвалены з-за недаказанасці віны. У 1927 годзе перанёс інсульт, які прывёў да частковага паралічу.

У 1933 годзе епіскапа зноў арыштавалі разам з дваццаццю святарамі Слуцкага вікарыяцтва па сфабрыкаванай справе «контррэвалюцыйнай праваслаўнай паўстанцкай арганізацыі» і асудзілі на восем гадоў лагераў.

Паводле афіцыйнай версіі, 23 чэрвеня 1933 года епіскап Мікалай памёр ад тыфу ў мінскім шпіталі. Паводле іншых звестак, яго расстралялі ва ўнутранай турме АДПУ і таемна пахавалі на лютэранскіх могілках Мінска.

Рэабілітаваны пракуратурай БССР 17 ліпеня 1989 года.