20 чэрвеня дзень памяці свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага, аднаго з першых архіпастыраў

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

Сёння дзень памяці свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага — аднаго з першых архіпастыраў, які спрыяў распаўсюджванню хрысціянства на беларускіх землях

Вячэрня на яго светлую памяць адбудзецца сення ў нашай царкве па адрасе Bokšto gatvė 4 у Вільні ў 18:00 Прыходзьце! Будуць праводзіцца споведзі.


Свяціцель Міна быў адным з першых вядомых епіскапаў Полацка. Менавіта ў Полацку, дзе епіскапія была заснавана ў 992 годзе, пачалося распаўсюджванне хрысціянства, а разам з ім — развіццё іканапісу, царкоўнага дойлідства, асветы і кніжнасці.

Пра раннія гады жыцця свяціцеля вядома няшмат. Мяркуецца, што ён нарадзіўся ў Полацку або яго наваколлях у сярэдзіне XI стагоддзя. Юнаком ён пакінуў родныя мясціны і стаў манахам Кіева-Пячэрскага манастыра, дзе прыняў пострыг з імем Міна.

Паводле меркавання гісторыкаў, пазней ён быў ігуменам Звярынецкага пячорнага манастыра ў Кіеве. У пачатку XX стагоддзя ў Звярынецкіх пячорах былі знойдзены старажытныя надпісы з імёнамі ігуменаў, сярод якіх было і імя Міны.

13 снежня 1105 года, як сведчыць Лаўрэнцьеўскі летапіс, Міна быў узведзены ў сан епіскапа Полацкага. Яго кафедральным храмам стаў Сафійскі сабор — галоўная святыня Полацкай зямлі.

Свяціцель Міна клапаціўся пра асвету народа, будаваў цэрквы і манастыры, выхоўваў святароў, удзельнічаў у царкоўным жыцці Кіеўскай мітраполіі і карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод сучаснікаў.

Менавіта ў гады яго архіерэйскага служэння праходзілі дзяцінства і юнацтва будучай прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Магчыма, выхадзец з Кіева-Пячэрскай лаўры аказаў уплыў і на яе духоўнае станаўленне.

У маі 1115 года свяціцель Міна разам з мітрапалітам Нікіфарам, епіскапамі і князямі ўдзельнічаў ва ўрачыстым перанясенні мошчаў святых пакутнікаў Барыса і Глеба ў Вышгарадзе.

Зямное жыццё епіскапа Міны завяршылася 20 чэрвеня (3 ліпеня) 1116 года. Месца яго пахавання невядомае, як невядомы і дакладны час яго кананізацыі.

У 1984 годзе яго імя было ўключана ў Сабор Беларускіх святых.

У 2005 годзе ў Івянцы была асвечаная крыптавая царква ў гонар свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага.

Разам са свяціцелямі Дыянісіем, Сімяонам і прападобнай Еўфрасінняй Полацкай ён належыць да ліку святых, чые імёны непарыўна звязаныя з Полацкам — духоўнай калыскай Беларусі.

Памяць свяціцеля Міны Полацкага здзяйсняецца 20 чэрвеня (3 ліпеня па новым стылі), а таксама ў дзень Сабора Беларускіх святых, які адзначаецца ўжо ў гэтую нядзелю!


21 чэрвеня (нядзеля) запрашаем на Літургіі на дзень Сабора Беларускіх святых!

Ранняя Літургія (на царкоўнаславянскай мове) у нашай царкве (Bokšto g. 4) пачнецца ў нядзелю, 21 чэрвеня, у 08:45.

Позняя Літургія (на беларускай мове) — у 10:30.