Абраны новы кіраўнік літоўскіх праваслаўных падпарадкаваных Канстанцінопалю

Беларуская праваслаўная супольнасць Сусветнага патрыярхату у Вільні #Царква

Абраны новы кіраўнік літоўскіх праваслаўных, падпарадкаваных Канстанцінопалю. Плануецца візіт патрыярха

26 траўня 2026 года ў Канстанцінопалі (Стамбуле) на Свяшчэнным Сінодзе Сусветнага Патрыярхату Праваслаўнай Царквы быў абраны новы епіскап Тэміскі, экзарх Усяленскага патрыярха Канстанцінопальскага ў Літве — святар Панарэт Псараўціс. Плануецца, што новы Экзарх прыбудзе ў Літву 7 чэрвеня, калі праваслаўную хрысціянскую супольнасць тут наведае сам Усяленскі патрыярх Варфаламей.

Яго Святасць патрыярх Варфаламей наведае Літву па запрашэнні рымска-каталіцкага архібіскупа Гінтараса Груша і прыме ўдзел у Кангрэсе Міласэрнасці. Боская літургія праваслаўнай супольнасці з удзелам патрыярха і новага экзарха адбудзецца 7 чэрвеня а 9:00 у Трынапальскім храме Святой Тройцы (Verkių g. 70, Вільня). Пасля набажэнства адбудзецца сустрэча з супольнасцю.

Абраны сёння архімандрыт Панарэт Псараўціс, які будзе служыць у Літве, — святар і манах, народжаны ў Ханьі на Крыце, які служыць у канстанцінопальскім прыходзе, што аб’ядноўвае славянскую і турэцкую хрысціянскія супольнасці.

Манахам святар стаў у 2002 годзе, святарскае пасвячэнне атрымаў у 2003 годзе. Сваё служэнне айцец Панарэт пачаў у мітраполіі Рэтымі і Аўлапатама Крыцкай Царквы. У 2014 годзе быў запрошаны на служэнне ў Канстанцінопаль.

За добрасумленнае служэнне ў 2010 годзе ён атрымаў тытул архімандрыта, а ў 2016 годзе — тытул Вялікага Прапаведніка (Megas Ierokyrix).