Ведаеце, мы так былі ўражаныя сённяшнім марафонам салідарнасці беларусаў, што таксама вырашылі ў ім …

Ведаеце, мы так былі ўражаныя сённяшнім марафонам салідарнасці беларусаў, што таксама вырашылі ў ім паўдзельнічаць.

Але як?
Мы падумалі, што лепшае, што могуць рабіць беларускія святары (акрамя данатаў, вядома ж) – гэта маліцца.

Таму кожную службу мы молімся за тых, каго несправядліва зняволілі. Кожную службу мы ўспамінаем палітвязняў і іх сем’і. Кожную службу мы молімся за тых, хто пазбавіўся свайго дома і сваёй Радзімы, і цяпер бадзяецца па свеце. Кожную службу мы молімся за Беларусь. І кожную службу мы молімся за Украіну.

Але сёння мы прапануем кожнаму беларусу (і кожнай беларусцы), хто ўнёс сваю лепту ў марафон салідарнасці, напісаць імёны блізкіх і дарагіх людзей. А мы з радасцю ўспомнім кожнае імя на бліжэйшай службе.

Таму што любоў і праўда павінны перамагчы, а ўсякае зло павінна быць спынена. Таму што кожная сляза павінна быць высушаная, а нашы справы павінны напоўніцца клопатам пра блізкіх.

Калі вы ўдзельнічалі ў марафоне, проста вось тут у гугл-форме пакіньце імены блізкіх вам людзей (так, мы клапоцімся пра вашу бяспеку).

Абдымаем кожнага. Любім кожнага. Чакаем кожнага на службе.
Вашы святары Аляксандр Кухта і Георгій Рой.