25 красавіка 1946 года ў нямецкім Рэгенсбургу асвяцілі беларускую праваслаўную царкву прападобнай Е…

25 красавіка 1946 года ў нямецкім Рэгенсбургу асвяцілі беларускую праваслаўную царкву прападобнай Ефрасінні Полацкай

25 красавіка 1946 года ў нямецкім Рэгенсбургу, на тэрыторыі лагера для перамешчаных асобаў (DP), адбылося асвячэнне беларускай праваслаўнай царквы ў імя прападобнай Ефрасінні Полацкай. Храм быў прызначаны для беларускіх эмігрантаў, значная частка якіх паходзіла з тэрыторыі міжваеннай Польшчы У 2026 годзе споўнілася 80 гадоў з дня яго заснавання, піша аккаўнт у Facebook “Na wschodnim szlaku wiary – z dziejów Kościołów wschodnich w Polsce”.

Ініцыятарам і будаўніком царквы стаў святар Мікалай Лапіцкі (на фота). Пазней ён узначаліў беларускую гімназію ў імя Я. Купалы ў нямецкім Міхельсдорфе.

Рэгенсбург знаходзіўся ў амерыканскай акупацыйнай зоне Германіі. Ужо ў 1945 годзе тут быў створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт (БНК). Падобныя структуры дзейнічалі і ў іншых зонах. Камітэты мелі выразна антысавецкі характар і супрацьстаялі савецкай палітыцы рэпатрыяцыі. СССР, у сваю чаргу, вёў актыўную кампанію супраць іх, патрабуючы выдачы найбольш актыўных дзеячаў пад абвінавачаннямі ў ваенных злачынствах і калабарацыянізме.

У пасляваенны час многія праваслаўныя беларусы знаходзіліся таксама ва ўкраінскіх, расійскіх і польскіх лагерах. Дзеячы БНК імкнуліся перасяліць беларусаў у асобныя лагеры, у першую чаргу з польскіх. Беларускі лагер у Рэгенсбургу з’явіўся восенню 1945 года, а ў ліпені 1946 года быў перанесены ў Міхельсдорф.

Ідэю падзелу лагераў падтрымлівалі не ўсе. Супраць выступаў, у прыватнасці, праваслаўны святар Ігар Ткачук з польскага лагера ў Вільдфлекене. Ён, супрацоўнічаючы з лагернай адміністрацыяй, спрабаваў перашкодзіць перасяленню вернікаў у беларускі лагер, сцвярджаючы, што гэта можа прывесці да іх прымусовай рэпатрыяцыі ў СССР. У той жа час амерыканскія ўлады лічылі, што «польскія беларусы» не падлягаюць абавязковаму вяртанню, у адрозненне ад грамадзян СССР.

Погляды БНК на нацыянальную ідэнтычнасць адлюстроўвае яго адозва:
«Памятайце, што беларусам з’яўляецца не толькі праваслаўны з-пад Гродна, Бельска, Баранавіч ці Пінска, але і каталік-селянін з-пад Вільні, Беластока, з Лідчыны […] Толькі трымаючыся разам, мы зможам належным чынам кіраваць сваім лёсам на чужыне».


Нягледзячы на дзейнасць камітэта, большасць беларускіх уцекачоў заставалася па-за беларускімі лагерамі. Паводле ацэнак, да 100 тысяч беларусаў-дыпісаў (перамешчанных асобаў ад DP) маглі не вярнуцца на радзіму.

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ) узнікла ў 1942 годзе падчас нямецкай акупацыі Беларусі. У 1946 годзе большая частка яе епіскапату ў эміграцыі далучылася да РПЦЗ (Рускай праваслаўнай царквы за мяжой), аднак не ўсе прынялі гэта рашэнне. Апазіцыю ўзначаліў епіскап Сергій (Ахатэнка), вакол якога згуртавалася частка духавенства і вернікаў.

Сярод іх быў і айцец Анатоль Кунцэвіч — ураджэнец Лунінеччыны, выпускнік Віленскай семінарыі. Падчас Другой сусветнай вайны ён служыў у розных мясцовасцях, у тым ліку ў Орлі, Дубічах Царкоўных і Бранску.