7 красавіка 1983 года ў Зэльве не стала выбітнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш — праваслаўнай вер…

7 красавіка 1983 года ў Зэльве не стала выбітнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш — праваслаўнай верніцы, з помнікам каторай доўгі час змагаліся прарасейскія актывісты і афіцыйная ўлада

Нарадзілася яна 9 жніўня 1910 года ў маёнтку Жлобаўцы каля вёскі Воўпа (Ваўкавыскі раён). У 1937 годзе пераехала ў Прагу да мужа, дзе ўдзельнічала ў працы ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі.

У 1948 годзе яе разам з мужам арыштавалі і перадалі савецкім уладам. Ларысу Геніюш асудзілі на 25 гадоў зняволення.

На фота — пахаванне паэткі ў Зэльве, дзе яна жыла апошнія гады і якая стала для яе родным домам. Тады развітацца з ёй прыйшлі многія — жыхары мястэчка і людзі з розных куткоў краіны, нягледзячы на часы цэнзуры і ціску на дысідэнтаў.

Сёння імя Ларысы Геніюш у Беларусі фактычна пад забаронай — яе абліваюць брудам, называюць нацысткай і калабаранткай.

У 2023 годзе з пляцоўкі каля Свята-Троіцкай царквы у Зэльве быў дэмантаваны помнік паэтцы, які раней быў дабраслаўлёны мітрапалітам Філарэтам.

Мы ж верым, што раней ці пазней чыстае і светлае імя паэткі, праваслаўнай верніцы, якая пісала пра любоў і дабрыню, будзе вернутае і рэабілітавана.

ДАЎНІНА.

Гісторыю спраў вялікіх твораць людзі,
якіх у нетрах ўзгадаваў народ.
Былі мы ад вякоў, мы ёсць. Мы будзем,
на спадчыне дзядоў сваіх – крывіцкі род!

*

Ў гадоў тумане велічнасць не гіне,
мы з ёю й сяння, як шляхотны сплаў,
і сніцца мне святая Еўфрасіння
і слаўны крыж, што Богша змайстраваў.

Ў заранні дзеяў першыя святыні
і благачэсце мудрае наздзіў,
з князёў айчынных першыя Святыя,
якімі Полацак народы задзівіў.

Ў час бітваў ў полі ратных і крывавых,
ў час гутарак стралою і кап’ём
дзіця славянаў, юная Прадслава
зышла на землю цёмную – святлом!


Сёння нашая парафіянка і гід па Вільні Валерыя Чарнаморцава разам з кампаніяй «Годна» у 20:00 (час па Мінску) праводзіць анлайн-лекцыю ў дзень памяці паэткі.

Лекцыя будзе даступная па спасылцы: https://www.youtube.com/watch?v=VOWx-Ci-EX4

Таксама заўтра (8 красавіка) у 18:00 у нашай царкве адбудзецца паніхіда ў памяць пра Ларысу Геніюш. Далучайцеся.