Пасланне Сусветнага Патрыярха Варфаламея з нагоды 1400-годдзя Акафісту Найсвяцейшай Багародзіцы✦ ✦…

✦ ✦ ✦
«Табе, Найвышэйшай Ваяводзе, пераможныя і ўдзячныя песні спяваем мы, выбаўленыя ад бед, Багародзіца!»
У гэтым годзе спаўняецца тысяча чатырыста гадоў з таго часу, як у гонар Багародзіцы ў храме, калі ўсе вернікі стаялі, быў урачыста праспяваны кандак, цяпер паўсюдна вядомы як «Акафіст». Гэта велічная і пераможная паэма, якая з выключным багаццем і вытанчанасцю багаслоўскіх і гістарычных выразаў адсылае да боскай задумы пра Учалавечанне і ўнікальнай ролі ў гэтым Усечыстай Маці Божай.
Праз гэты кандак вернікі ў малітве пачціва вітаюць Панагію (Усесвятую) шматразовым рэхам першага прывітання, звернутага Арханёлам Гаўрыілам, веснікам ласкі і радасці, да Той, што поўная ласкі: словам «Радуйся». Праз гэтае слова адкрываецца «таямніца, ад вякоў скрытая» і дасягаецца «вяршыня нашага выратавання».
Паўтарэнне ў гэтым гімне слова «Радуйся» сто сорак чатыры разы ў звароце да Найдабраславёнай Дзевы відавочна мае містычнае значэнне. Яно нагадвае пра сто сорак чатыры тысячы чыстых святых з кнігі Адкравення (Апакаліпсiсу), якія спяваюць «новую песню» са сваімі гуслямі перад прастолам Божым і «ідуць за Ягняткам, куды б Яно ні пайшло».
Паколькі народ Божы ачышчаецца і ў жыцці, і ў вучэнні, цалкам прысвячаючы сябе ўвасобленаму Слову Божаму і непарыўна яднаючыся з Ім, ён апявае збавеннае божае прамысленне і адначасова вітае ў хвалебных песнях і святых мелодыях Усеслаўную Маці Госпада і Маці Царквы, а таксама яе магутную абарону пабожнага статку Царквы.
Пачаткам кандака, яго прадмовай, першапачаткова быў вядомы гімн «Загад таемны атрымаўшы розумам…», які адносіцца выключна да Дабравешчання Багародзіцы. Гэта паказвае, што ўвесь гімн належыць менавіта гэтаму вялікаму святу, для якога і па гэты дзень усё набажэнства «Вітанняў» – Акафіста складае цудоўны і багата расквітнелы вянок перадсвяцця і паслясвяцця. З цягам часу замацаваўся новы ўступны гімн — «Табе, Найвышэйшай Ваяводзе, пераможныя песні спяваем», каб выказаць удзячнасць народа да Той, «праз Якую атрымоўваюцца перамогі» і «праз Якую ворагі перамагаюцца».
Выратаванне горада Канстантынопаля і ўсёй Імперыі ад жудаснага нападу авараў і персаў падчас адсутнасці імператара Іраклія і яго войска, якія былі далёка, змагаючыся за вяртанне каштоўнага Крыжа Хрыстовага, справядліва прыпісвалася магутнай абароне і дапамозе Найсвяцейшай Багародзіцы, Якой пачціва і прысвяціў Новы Рым яго заснавальнік – роўнаапостальны імператар Канстанцін Вялікі. Прымаючы няспынныя і пакутлівыя просьбы духавенства і народа з глыбіні іх сэрцаў, Маці Божая не толькі ўмацавала рашучасць нешматлікіх абаронцаў, але і ўчыніла вялікі цуд: віхурамі буйных вятроў яна прывяла да поўнага знішчэння флоту тых, хто трымаў аблогу, пасля чаго яны павярнуліся да бязладных ўцёкаў, і такім чынам Горад быў выратаваны. Таму справядліва, «выбаўлены ад бед» Горад Багародзіцы прысвяціў свае пераможныя песні Усесвятой, Якую з таго часу назваў сваёй «Найвышэйшай Ваяводай», і як да такой звяртаўся да яе зноў і зноў на працягу бурнай гісторыі Праваслаўя, кожны раз салодка каштуючы яе любоў і магутную абарону.
Гістарычны храм ва Улахерне, дзе, паводле старажытнай традыцыі, кожны тыдзень і часта ў прысутнасці імператара, здзяйснялася ўсяночнае трыванне ў гонар Маці Божай, быў прыняты у ноч на 7 жніўня 626 года натоўпы богабаязных людзей, якія былі выратаваны. Глыбока расчуленыя і са слязамі ўдзячнасці, яны аддалі ёй шанаванне і праспявалі кандак з яго новым уступным гімнам як належную падзяку і доўг праслаўлення Бога і Той, Якая, паводле слоў святога Андрэя Крыцкага, «займае другое месца пасля Тройцы» — Вызваліцельніцы і Заступніцы Горада і ўсёй дзяржавы. […]