Усячэсны служыцель Хрыстоў, прападобны ойча Лявонцій, горада Пінска ўзрастанне, абіцелі ж Віленскія і ўсяго народа нашага пахвала і ўпрыгожаньне, вялікі праваслаўныя веры рупліўца і настаўніку! Ты, прыняўшы пакліканне Хрыстова, ад юнацтва свайго Госпада, Яго святое слова і Божую навуку вельмі палюбіў і ва ўсім жыцці тваім запаветы Яго здзейсніў.
Таму мы, твае паслядоўнікі і вучні, узвялічваем цябе і ўслаўляем як веры праваслаўныя цвёрдага спавядальніка, святаайцоўскіх паданняў вернага захавальніка, Божых настаўленняў залатаславеснага прапаведніка, манаскага жыцця заснавальніка, юнакоў у веры Хрыстовай і пабожнасці настаўніка!
Прападобны і вялебны ойча Лявонцій, ты ў дні зямнога жыцця твайго нічога больш не шукаў, каб толькі волю Божую выканаць і дзяцей паствы тваёй ўправіць да богапазнання, святога жыцця і справаў міласэрнасці. Ведаючы цябе, прападобны ойча, як народу твайго настаўніка і веры праваслаўнай абаронцу, молім цябе: папрасі у Госпада народу беларускаму нябеснага дабраславення, дароў духоўных, ўзаемнай любові некрывадушнай, надзею несумненную ў перамозе над злом, у спакусах мужнасьць, у злапакутах цярплівасць.
Як у дні падзьвігаў тваіх зямных ты быў настаўнікам для манахаў у абіцелі Сьвятога Духа, так і цяпер учыні сьвятымі тваімі малітвамі, каб і нашая грамада Божаю ласкаю, стала сапраўдным селішчам Духа Святога! Мы ўглядаемся ў справы святога жыцця твайго і просім у цябе натхнення, на руплівае служэнне ў справах Божай асветы, праведнасці і міласэрнасці, каб плён нашага жыцця быў мілы Богу нашаму і карысным народу Беларусі.
Папрасі ў Госпада мір і цішыню Царкве Праваслаўнай, а ўсім праваслаўным хрысціянам веданне чыстай ісціны, тых жа, хто праваслаўную веру скажае, пакліч да выпраўлення і пакаяння, нам жа ўсім, тваімі малітвамі дай руплівасць нястомную ў служэнні Богу нашаму, Якому слава і пакланенне на вякі вякоў! Амінь!