Як беларусы ў Вільні святкавалі Дзень Волі у 1933 годзе?Беларусь жыве!Пятнаццаць гадоў таму назад Бе…

Як беларусы ў Вільні святкавалі Дзень Волі у 1933 годзе?

Беларусь жыве!
Пятнаццаць гадоў таму назад Беларускі Народ, вуснамі сваіх прадстаўнікоў, абвясціў усяму сьвету свае права на самастойнае жыцьцё, абвясціў сваю Незалежнасьць. І з гэтага часу дзень 25 сакавіка беларусы ўрачыста сьвяткуюць кожны год, падкрэсьліваючы гэтым сваю вернасьць і любоў найзаветнейшаму свайму ідэалу.

Сёлета, дзякуючы адначаснаму сьвяткаваньню 15-ых угодкаў абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі і 70-ых угодкаў беларускае прэсы, урачыстасьць гэтая адбывалася з яшчэ вялікім уздымам. Быў зладжаны адмысловы Юбілейны Камітэт, у які ўвайшлі прадстаўнікі ад Бел. Нацыянальнага Камітэту, Т-ва Бел. Школы, Бел. Студэнцкага Саюзу. Наагул у сьвяткаваньні гэтым прыняло ўдзел усё незалежнае і незалежніцкае грамадзянства.

Урачыстасьць распачалася набажэнствам у касьцёле св. Міколы, які быў выпаўнены народам па берагі. Адпаведную да сьвята пропаведзь, гранiтнымі словамі і з глыбокаю верай, сказаў кс. д-р Ршач. Затым адбылося набажэнства ў царкве Пятніцкай, якое зладзіла беларуска-польская санацыйная група.

Набажэнства, якое мела адбыцца ў Прачысценскім саборы, ладжанае там Юбілейным Камітэтам, не адбылося, а гэта дзякуючы нягоднаму (сану сьвяшчэнніка) паступку „слаўнага“ прат. Дзiчкоўскага і яго спадручнага святара Беляева, як і наагул дзякуючы нашаму духоўнаму начальству, якое можна фарысейскі прамаўляць „Несть ні эліна, ні іудэя“ і адначасна з пенай на вуснах гэта таптаць. Сабраныя ў Прачысценскім саборы дружна адсьпявалі „Божа, што калісь народы“ і пасьля гэтага разышліся, каб ізноў спаткацца ўвечары на ўрачыстай акадэміі, якая адбылася ў вялікай залі Віленскай Літоўскай Гімназіі.

Прысутныя выпаўнілі залю па берагі. Сярод прыбыўшых гасьцей у першую чаргу мы бачылі прадстаўнікоў ад украінскага народу, у асобах паслоў: д-ра Д. Левіцкага, Вахнюка, Загайкевіча і рэдактара украінскае штодзённае газэты „Діло“ Кедрына.
Затым прадстаўнікоў ад літоўцаў: ксяндза прафесара Краулінса, доктара Альсэйку. Урэшце прадстаўнікоў ад жыдоўскага, польскага і расейскага грамадзянства.

За прэзыдыяльным сталом заселі: старшыня Юбілейнага камітэту Сяргей Паўловіч, пасол Ярэмiч, старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэту Янка Пазняк, студэнты В. Тумаш і Сяргей Сарока – (генэральны сакратар Ц. Б. П. К. прып. рэд.), ксёндз А. Станкевіч, адвакат Ф. Стэцкевіч, інжынер Клімовіч і грам. М. Кепель.

Пасьля адкрыцьця акадэміі, рэфэрат на тэму „Незалежнасьць Беларусі як ідэал — задаткам Незалежнасьці фактычнай“ прачытаў студэнт Сяргей Сарока, а па ім рэферат на тэму: “Кастусь Каліноўскі, “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі” прачытаў кс. Ад. Станкевіч.
Пасьля рэфэрату пачаліся прывітаньні, падчас якіх забіралі голас ад украінцаў пасол доктар Д. Левіцкі, пасол Вахнюк, рэдактар Кедрын, студэнт Крахмалюк і студэнт Федык. Ад літоўцаў віталі — доктар Альсэйка і студэнт Крауліc, ад імя жыдоўскага грамадзянства забіраў голас доктар Выгодзкі і ад польскага — доктар Высоцкі.

Апрача гэтага атрыманы пісьменныя прывітаньні — тэлеграмы лікам больш трыццаці з заграніцы і з краю. З духавенства праваслаўнага прывітаньную тэлеграму прыслаў толькі святар Аляксандр Коуш. Пасьля прывітаньняў адбыўся канцэртны аддзел, затым пад сьпевы Нацыянальных гімнаў акадэмія была закончана.

Апрача гэтае акадэміі вучні Віленскай Беларускай Гімназіі ў мурох сваёй школы зладзілі таксама маленькую ўрачыстасьць, на якой былі прачытаны адпаведныя рэфэраты і быў зладжаны канцэртны аддзел. Гэтулькі ў кароткіх рысах аб вонкавай старане гэтага сьвята ў Вільні.
З боку, калі так можна сказаць, ідэолёгічнага, урачыстасьць гэтая яшчэ раз паказала, што ідэя незалежнасьці, і поклічы вызваленьня, штораз мацней і штораз глыбей ахапляюць Народ Беларускі. І хоць там жменька рэнэгатаў ганьбіць імя беларускае, то аднак разгону народнага ўжо не запыніць, бо ў душах масаў, у сэрцы беларускае інтэлігенцыі Беларусь жыве, жыве Незалежнай і Вольнай. А ўсе перашкоды, усе напасьці толькі больш разганяюць стыхію, толькі яшчэ мацней пацягваюць яе да спрадвечнае беларускае праўды.
Незалежнік.