Гэта не проста фізічнае выпрабаванне, а свядомае прынашэнне Богу, добраахвотнае самапрыніжэнне (кено…

Гэта не проста фізічнае выпрабаванне, а свядомае прынашэнне Богу, добраахвотнае самапрыніжэнне (кенозіс).
Манахі сыходзяць ў свае келлі і жывуць ізалявана, у атмасферы поўнай цішыні. Манаскія чоткі становяцца іх неразлучным спадарожнікам. Малітва «Госпадзе Ісусе Хрысце, памілуй мяне» паўтараецца бесперастанна, удзень і ўначы. Час перастае вымярацца гадзінамі — ён вымяраецца паклонамі, слязьмі і ўнутранай барацьбой.
Як тлумачаць айцы Афонскай дзяржавы, гэты час ёсць часам «малой пустыні» ўнутры супольнага жыцця.
Старэц Іосіф, адзін з найстарэйшых афанітаў, які жыве ў манаскай рэспубліцы больш за пяць дзесяцігоддзяў так кажа пра гэтыя дні:
«Гэтыя тры дні свет вакол нас нібы згасае, і застаецца толькі Бог. Пост без малітвы — гэта толькі практыкаванне для цела. Малітва без пакоры — гэта практыкаванне эгаізму. Тут мы імкнемся з’яднаць усё: пост, маўчанне, пакаянне, слёзы».
Старэц падкрэслівае, што многія манахі выбіраюць не піць нават вады не з гонару, а «каб адчуць духоўную смагу. Як жадае цела, так няхай прагне і душа па Богу».
І дадае: «Пост — гэта паўзмрочны калідор, які вядзе да святла Уваскрэсеньня. Калі не пройдзеш праз цішыню, не пачуеш голас Бога».
Пасля трох дзён поўнага ўстрымання, з панядзелка па пятніцу манахі прымаюць ежу толькі адзін раз у дзень, каля трох гадзін дня, без алею (сухаядзенне). У суботу і нядзелю дазваляецца алей і трохі віна. Але ўстрыманне не з’яўляецца самамэтай — гэта сродак.
Падчас Вялікага посту манахі знаходзяцца ў храме ад васьмі да дзесяці гадзін у суткі. Набажэнствы доўгія, пакаянныя, поўныя псалмоў і каленапрыкланенняў. Размовы абмяжоўваюцца толькі самым неабходным. Мабільныя тэлефоны маўчаць і спыняюцца ўсе знешнія сувязі.
Штодзённасць становіцца пастаянным практыкаваннем у самадакарэнні. Як адзначаюць айцы, спасылаючыся на вучэнне Яна Златавуста, пост раз’юшвае спакусы, але адначасова прыцягвае ласку Божую.
Старэц Іосіф не абмяжоўваецца апісаннем афонскага ладу жыцця. Ён звяртаецца з пасланнем і да свету.
«Царква не просіць, каб мы ўсе сталі манахамі. Яна просіць, каб мы сталі шчырымі. Калі мы не можам прабыць тры дні без ежы, давайце прабудзем тры дні без злосці. Калі мы не можам выдаліцца ў келлю, давайце выдалімся на некалькі хвілін у свой пакой і прамовім малітву».
Ён адзначае, што трохдзёнка Першага тыдня можа стаць узорам для кожнага праваслаўнага хрысціяніна. «Давайце ў малым пераймаць манахаў. Больш малітвы, шчырага пакаяння, маленняў да Найдабрэйшага Бога. Каб Ён памілаваў нас, змяніў свет і найперш змяніў нас саміх».
Пост, кажуць афаніты, дзейнічае як люстэрка. Ён выяўляе нашую схаваную рэальнасць. Чалавек сучаснага свету, стомлены хуткасцю і шумам, з цяжкасцю выносіць цішыню. Ён аддае перавагу шуму экрана перад шэптам сумлення.
На Афоне, аднак, цішыня — гэта не адсутнасць гуку; гэта прысутнасць Бога. Гэтыя тры дні першага тыдня посту нагадваюць, што праваслаўная духоўнасць — гэта не ідэалогія, а жывы досвед. Гэта шлях крыжа. «Без распяцця не прыходзіць уваскрэсеньне», — паўтарае афонскі старац Іосіф.