12 лютага — Дзень памяці праваслаўнага святара і новапакутніка зямлі Беларускай айца Уладзіміра Хрыш…

12 лютага — Дзень памяці праваслаўнага святара і новапакутніка зямлі Беларускай айца Уладзіміра Хрышчановіча

12 лютага 1938 года ён быў расстраляны карнымі органамі НКУС разам з адданымі парафіянамі.

Уладзімір Хрышчановіч нарадзіўся ў 1876 годзе ў вёсцы Гезгалы (сёння Дзятлаўскі раён) у простай сялянскай сям’і. Дасягнуўшы паўналецця, паступіў у Слуцкае духоўнае вучылішча, якое скончыў у 1911 годзе. Будучы сціплым і богабаязным чалавекам, доўгі час служыў псаломшчыкам пры царкве свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Горкі (сёння Старадарожскі раён).

У 1930 годзе епіскап Слуцкі Мікалай (Шамяціла) рукапалажыў яго ў іерэя.

Пражываючы ў Горках, айцец Уладзімір часта наведваў суседні храм Праабражэння Гасподняга ў вёсцы Языль (цяпер Старадарожскі раён). Ён здзяйсняў там богаслужэнні з прычыны адсутнасці настаяцеля, які, імаверна, быў арыштаваны раней.

27 снежня 1932 года айца Уладзіміра арыштавалі. Падставай стала адна з апошніх пропаведзяў у языльскай царкве, дзе ён закрануў надзённую для 1932 года тэму — голад, што пачаўся ў краіне. Звяртаючыся да змучаных сялян, святар сказаў:
«Браты! Гасподзь стварыў чалавека, і ў Яго волі зрабіць з ім, што захоча; трэба слухаць Бога і верыць у Яго, хадзіць у царкву і маліцца Госпаду Богу; адзінае наша выратаванне — гэта Гасподзь; чалавек павінен пераносіць усё; цяпер дрэнна, але гэта хутка зменіцца».


Разам з айцом Уладзімірам былі арыштаваны яшчэ дзевяць чалавек — найбольш актыўныя вернікі і сябры царкоўна-парафіяльнай рады.

Сярод іх — псаломшчык языльскай царквы Васіль Капачэня, які казаў аднавяскоўцам:
«Лепш дайце на царкву, чым бальшавікам, то і Бог дасць вам; а бальшавікі ўсё роўна нічога не дадуць».


На допытах айцец Уладзімір не адмовіўся ад сваіх поглядаў. Ён сведчыў:
«Так, — сведчыў ён, — я як святар, будучы асуджаны на жабрацкае жыццё, выказваў незадаволенасць палітыкай савецкай улады… У сувязі з тым, што ў вёсцы Языль няма святара, а там маецца царква, я па запрашэнню вернікаў здзяйсняў у ёй богаслужэнні».


Разумеючы магчымыя наступствы, святар накіраваў родным апошні ліст:
«Дарагая, цаннейшая жонка і дзеці! Спяшаюся павіншаваць вас з Новым Годам, з новым шчасцем. Дай Бог вам перанесці ўсе цяжкасці і нягоды ад злых людзей і падкопаў д’ябла, паўстаўшага знішчыць нас. Усявышні не дапусціць гэтага і дапаможа нам перанесці ўсе цяжкасці крыжа. Прашу вас не забываць Бога, ад Якога залежыць усё».


Без суда і следства 12 лютага 1933 года святар Уладзімір Хрышчановіч быў прысуджаны да расстрэлу. Такі ж прысуд вынеслі псаломшчыку Васілю Капачэні і прыхаджанам Якаву Палаўчэні і Сцяфану Капачэні. Неўзабаве ўсе яны былі забіты. Маёмасць канфіскавалі, сем’і выслалі за межы Беларусі.

Да розных тэрмінаў зняволення былі асуджаны і іншыя аднавяскоўцы: Сямён Жук (10 гадоў канцлагера), Еўсевій Палаўчэня (5 гадоў канцлагера), Лявонцій Палаўчэня (5 гадоў канцлагера), Уладзімір Насовіч, Іосіф Корзун і Вера Сасіноўская (3 гады ссылкі ў Сібір).

Так быў знішчаны прыход у Язылі. Пакутнікамі за Госпада і Спаса нашага Іісуса Хрыста сталі языльчане, што падвергліся ганенням, і сярод іх — свяшчэннік Уладзімір Хрышчановіч, які ўзыйшоў на Галгофу разам са сваімі прыхаджанамі, падзяліўшы з імі пакуты.

Сапраўды: «добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак сваіх» (Ін 10: 11).