6 лістапада 1947 года ў Вільні памёр Лукаш Голад — праваслаўны святар, рэлігійны і грамадска-культур…

6 лістапада 1947 года ў Вільні памёр Лукаш Голад — праваслаўны святар, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч міжваеннай Заходняй Беларусі, рэдактар і выдавец.

Нарадзіўся 18 кастрычніка 1891 года ў вёсцы Здажарка Владаўскага павета Седлецкай губерні (цяпер Польшча), у сям’і ўкраінскага селяніна, недалёка ад горада Холм. Служыў у Холмскай епархіі.

У 1920-я гады разам з сенатарам-беларусам Вячаславам Багдановічам арганізаваў у Вільні адзіны на тэрыторыі міжваеннай Польшчы праваслаўны прыход, які падпарадкоўваўся Патрыярху Ціхану і не прызнаў Польскай аўтакефаліі. Паводле рашэння Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Ціхана ад 20 лютага 1925 года айцец Лукаш быў узведзены ў сан протаіерэя.

Прымаў удзел у беларусізацыі царкоўнага жыцця ў Заходняй Беларусі і пераследаваўся польскімі ўладамі за непрымірымую пазіцыю адносна Польскай аўтакефаліі. У тым жа 1925 годзе быў асуджаны на пяць месяцаў Лукішскай турмы і пазбаўлены магчымасці служэння.

У 1927–1928 гадах быў рэдактарам і выдаўцом рэлігійнага часопіса «Праваслаўная Беларусь», які фінансава падтрымлівалі беларускія праваслаўныя дзеячы — сенатар Багдановіч і святар Аляксандр Коўш.

Пазней жыў у Францыі, дзе служыў пад амафорам Архіепіскапіі рускіх цэркваў Канстанцінопальскага Патрыярхату. Быў настаяцелем праваслаўных прыходаў у гарадах Ромба і Ліён, прымаў удзел у з’ездах Рускага студэнцкага хрысціянскага руху.

У другой палове 1930-х гадоў вярнуўся ў міжваенную Польшчу і быў прыняты у клір Літоўскай епархіі. У 1940 годзе мітрапаліт Літоўскі і Віленскі Еліферы прызначыў яго прадстаўніком Ковенскага праваслаўнага савета ў Вільні.

Пасля рэакупацыі Вільні савецкімі войскамі 24 кастрычніка 1944 года быў арыштаваны, але праз некалькі месяцаў, 24 студзеня 1945 года, вызвалены. Да таго часу цяжка хварэў на адкрытую форму сухотаў.

Памёр на 57-м годзе жыцця. Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх праваслаўных могілках у Вільні.

Чытайце таксама артыкул Лукаша Голада:
«Нацыянальная мова ў праваслаўнай царкве»

Фотапартрэт з жонкай і сынам рэстаўраваны і расфарбаваны з дапамогай ШІ.