405 год таму, 24 верасня 1620 года, у Вільні памёр праваслаўны манах, пісьменнік, адзін з пачынальн…

405 год таму, 24 верасня 1620 года, у Вільні памёр праваслаўны манах, пісьменнік, адзін з пачынальнікаў беларускага сістэматычнага багаслоўя і ўраджэнец Брэстчыны Лявонцій Карповіч.

Нарадзіўся 8 красавіка 1580 года ў сям’і святара ў Пінскім павеце (цяпер Брэсцкая вобласць). Вучыўся, верагодна, у школе пры Ляшчынскім манастыры і ў Віленскай брацкай школе.

Стаў стваральнікам і першым архімандрытам Віленскага брацкага манастыра Святога Духа, узначаліў брацкую друкарню і школу. Ён склаў і выдаў «Кінавіён» (1618), увёўшы ў манастыры агульнажыццёвы статут Св. Васілія Вялікага.

У 1610 годзе быў арыштаваны па загадзе караля Жыгімонта III за друк супрацьуніяцкага твора Мялеція Сматрыцкага «Трэнас». Два гады правёў у зняволенні, пад катаваннямі і здзекамі, але не адрокся ад праваслаўя.

У 1613 годзе праваслаўныя ў ВКЛ выбралі Лявонція Карповіча епіскапам-намінантам Уладзімірскім і Брэсцкім, аднак афіцыйная хіратонія не адбылася з-за каралеўскай забароны мець зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхам.

На яго смерць быў створаны вядомы твор «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620), напісаны Мялеціем Сматрыцкім.

Памяць пра яго захоўвалася ў ВКЛ як пра святара і асветніка, хоць афіцыйная кананізацыя адбылася значна пазней: у 1940-я гады ён быў кананізаваны Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквой, а ў 2011 годзе — прылічаны да ліку мясцовашанаваных святых Беларускай Праваслаўнай Царквой (РПЦ). У 2023 годзе імем святара названы Беларускі праваслаўны прыход Канстанцінопальскага патрыярхата ў Вільні.