з ліста ад 28.04:
“Учора ўвесь дзень па БТ-1 рэкламавалі, а пасля “Панарамы” паказалі “кіну” пра маё “злачынства”.
Я гэты “шэдэўр” не глядзеў, бо тэлевізар можна ўключаць да 19.30. Але сёння па СТВ таксама цэлы дзень круцілі кароткі ролік пра гэтую “кіну”.
Усё, як звычайна – калі няма доказаў “злачынства”, то яны пачынаюць раздаваць інтэрв’ю і здымаць “кіны”. Гледзячы па роліку – той самы выпадак.
Ты, мабыць памятаеш “Железом по стеклу”, зняты пасля Плошчы-2010. Мне тады начальнік “амерыканкі” ў камеры са свайго тэлефона паказваў апісанне гэтай “кіны” на “Партызане”.
Там яшчэ нейкі гомельскі ІП Пінчук каяўся, што па маёй замове размесціў на Жлобінскім заводзе металічных вырабаў заказ на некалькі тысяч (!) завостраных металічных штыроў з арматуры. Яшчэ дырэктар гэтага завода паказваў накладныя на адгрузку гэтых штыроў.
Таксама ў тым “кіне” было пра знойдзеныя ў вялікай колькасці на Плошчы бутэлькі з запальнай вадкасцю.
А пазней сама ведаеш хто па TV неаднаразова казаў, што ў той “кіне” ўся праўда пра падзеі.
Але ў судовай справе ніякай згадкі пра тыя штыры і маю “замову” іх я не знайшоў. Я нават у следчага пытаўся, дзе “мае” штыры. Хоць грошы вярніце. 🙂 А той – “Ну мы ж сур’ёзныя людзі”.
Праўда, пласцікавыя бутэлькі “з запальнай вадкасцю” у “справе” фігуравалі. Ды толькі, згодна з актамі экспертызы, ў іх была вада ці… мача 🙂 Мабыць, амапаўцы са сваіх аўтобусаў падзяліліся.
Я ў судзе спрабаваў ад “пракурора” атрымаць адказ, як гэта змесціва тых бутэлек, пабыўшы суткі на 15-градусным марозе, засталося вадкасцю? Ці ваду незамярзаючую вынайшлі ці пратакол агляду “месца злачынства” сфабрыкавалі?
Вось такое ў іх “кіно” 🙂