Андрэй Швед агучыў шкоду Беларусі ад Германіі за час Другой сусветнай вайны

Партыя Народная Грамада

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед агучыў шкоду, якую Германія нанесла Беларусі за час Другой сусветнай вайны. Гэта сума ў 500 млрд даляраў у сучасных цэнах. А цяпер генеральнаму пракурору неабходна падлічыць, якую шкоду Расея нанесла Беларусі, напрыклад, за ХVIII – пачатак ХХ стагоддзяў. І выставіць ім рахунак. Гэта будуць не мільярды даляраў, а трыльёны…     
Сёе-тое хочацца нагадаць генеральнаму пракурору пра некаторыя факты шкоды, нанесеныя Расеяй Беларусі. ХVIII-ХIX стагоддзі. Па загаду Пятра I былі спалены горад Магілёў, гарадскія пасады Оршы, Мсціслаўля, Быхава, Віцебскі Узгорскі і Ніжні замкі, разбураны Полацк, зруйнаваны Сафійскі сабор, забіты ўніяцкія святары.
Адбылася карная экспедыцыя расейскага войска на Гомельшчыну. Разбурана Ветка. У Сібір сасланы 13 тысяч раскольнікаў. А потым яшчэ 20 тысяч старавераў. У мястэчку Сталовічы палкамі Суворава былі знішчаны 3 тысячы канфедэратаў…
У 1772 годзе расейскімі войскамі быў разрабаваны Нясвіжскі замак. Вырабы з золата, серабра, каштоўных камянёў, бібліятэка ў 20 тысяч тамоў адпраўлены ў Пецярбург. У тым ліку 11 інкунабулаў, якія перадалі Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы. Зніклі Літоўскія метрыкі, напісаны на беларускай мове, якія да сённяшніх дзён застаюцца ў Расеі.
Па загаду Кацярыны II з Беларусі з манастырскіх і царкоўных бібліятэк забралі летапісы.  Разам з імі зніклі рукапісныя хронікі Стрыйкоўскага, Бельскага, Кромэра, Нарушэвіча.
У рэкруты забіралі тысячы беларусаў, а ўсяго з 1772 года ў рэкрутах апынуліся каля 110 тысяч беларускіх юнакоў. Пад прыгнёт расейскіх генералаў трапілі каля 1 мільёна чалавек, Румянцаву разам з Гомелем дасталося 69 тысяч, а Сувораву разам з Кобрынам – 53 тысячы сялянскіх душ…
У 1812 годзе расейскія войскі зноў рабавалі скарбы Нясвіжа. Зніклі зборы гадзіннікаў, музычных інструментаў, вопратка, творы мастацтва, а таксама залатыя і срэбныя вырабы, каштоўныя камяні, фамільныя рэліквіі.
У Вільні царская адміністрацыя разграміла студэнцкае Таварыства філаматаў. Было арыштавана 135 чалавек. Сярод якіх былі Міцкевіч, Зан, Чачот, Кавалеўскі, Дамейка. Разрабавалі і вывезлі ў Расею архіў і бібліятэку Сапегаў з Дзярэчына…
Пачаўся гвалтоўны перавод беларусаў-уніятаў у праваслаўе.1100 сем’яў аднадворцаў гвалтам перасялілі з Беларусі на Каўказ.
За ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага 128 паўстанцаў былі пакараны смерцю. У баях загінулі больш за 6 тысяч паўстанцаў, на катаргу саслалі больш за 1 тысячу, выслалі ў Сібір – 15 тысяч чалавек.
Была разгромлена рэвізія Віленскага музея старажытнасцяў, заснавана пачынальнікам беларускай археалогіі Яўстафіям Тышкевічам. Па загаду Мураўёва-вешальніка ў Маскву вывезлі 3818 археалагічных помнікаў, каля 4 тысяч партрэтаў, гравюр, бюстаў, 487 пячатак, больш за 2 тысячы аўтографаў і прывілеяў, 540 рукапісаў, 11 тысяч пудзілаў птушак, 8110 нумізматычных помнікаў, каля 20 тысяч кніг і г.д.
Пачатак ХХ стагоддзя. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны рускія казакі выганялі беларусаў у глыб Расеі. Царскі ўрад нахабным чынам праводзіў абязлюддзе беларускай тэрыторыі, якую маглі заняць немцы. Хаця ніхто з беларусаў у Расею ехаць не хацеў. Найбольш апусцелі Гарадзенскі, Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Сакольскі, Кобрынскі, Ашмянскі, Слонімскі, Лідскі, Наваградскі паветы.
Агулам бежанцамі сталі 2 мільёны 300 тысяч беларусаў. На Бацькаўшчыну толькі вярнуліся каля 700 тысяч чалавек. Бежанства пад прымусам расейскіх салдат – адна з самых вялікіх трагедый беларускага народа ХХ стагоддзя. Гэта трагедыя ў беларускай гісторыі яшчэ зусім не даследавана…

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
https://www.racyja.com/hramadstva/generalny-prakuror-belarusi-pavine/

Генеральны пракурор Беларусі павінен падлічыць шкоду, нанесеную Расеяй Беларусі

Гэта будуць не мільярды даляраў, а трыльёны…