​Мікалай СтаткевічГод свабодыКрэмль мае відавочны намер у наступаючы год далучыць Беларусь. Самы вер…

Мікалай Статкевіч
Год свабоды

Крэмль мае відавочны намер у наступаючы год далучыць Беларусь. Самы верагодны и лёгкі для яго сцэнар анэксіі – гэта зусім не ўзброенае мяшанне ў адказ на звяржэнне дыктатара беларускім народам. Хоць ціпа-незалежныя “аналітыкі” даволі паспяхова пераконваюць напалоханы Захад у зваротным.

Анэксаваць уздыблены матэрыял дзеля свабоднай краіны можна, толькі заліўшы яе крывёю и зрабіўшы народ гэтай краіны смяротным ворагам агрэсара. Ды яшчэ атрымаўшы з-за гэтага наўпроставы канфлікт с усім астатнім светам. Але ж у Расіі блізка няма неабходных для такіх супрацьстаянняў рэсурсаў.

Самы горшы для Беларусі, самы верагодны и прывабны для Крамля сцэнар анэксіі – не сілавы, а “дабраахвотнае аб’яднанне”. Якое зробіць анэксію незваротнай і не выкліча нават сімвалічных санкцый супраць захопніка.
Дыктатар сваім удзелам у гандлі пра ўмовы “інтэграцыі” даказвае Маскве рэальнасць такога сцэнару і тым самым толькі правакуе ўзмацненне ціску.

Рэжым зараз рэпрэсуе ўдзельнікаў, пакуль выгадных яму і вельмі законапаслухмяных, акцый пратэсту супраць анэксіі. Мітусенне дыктатара сведчыць, што яго галоўны жах – гэта не страта незалежнасці, а паўстанне беларускага народа. Ён ужо нешта адчувае.
На пачатку года года Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, абраўшы кандыдата ў прэзідэнты ад кааліцыі, прыняла і яго стратэгію. Усе прагнозы гэтай стратэгіі спраўджваюцца. Мы працягваем дзейнічаць у адпаведнасці з ёй. І зробім усё, каб дасягнуць яе мэтаў – разам з народам вызваліць краіну і абараніць яе незалежнасць.

Наступны год нясе вялізарныя рызыкі для Беларусі. Але і яшчэ большыя шанцы зрабіць нашу краіну вольнай і паспяховай.
Разам мы не дазволім горшага сцэнару і зробім наступны год – Годам Свабоды.

З надыходзячым вас!