​22 студзеня гадавіна пачатку паўстання Каліноўскага. У паўстанцаў былі мізэрныя шанцы на перамогу. …

22 студзеня гадавіна пачатку паўстання Каліноўскага. У паўстанцаў былі мізэрныя шанцы на перамогу. З сённяшняй перспэктывы можа здавацца, што рашэнне пра пачатак паўстання было памылкай за якую давялося заплаціць вельмі высокую цану. Хапае разумных, якія спяшаюцца вучыць, што трагедыя 1863-64 гг. павінна паслужыць сучаснікам урокам, во, маўляў, нельга высоўвацца супраць мацнейшых, калі няма шанцаў перамагчы.

Паўстанне 1863-64 гг., насуперак досыць пашыранаму ўяўленню, не было проста рамантычнай ідэяй маладзёнаў, якіх распірала энэргія і ўзбуджалі патрыятычныя лозунгі. Гэта быў адказ на гады прыгнёту, немагчымасць рэалізаваць сябе. Гэта была нянавісць за гады крыўды. Што павінен быў рабіць народ пад акупацыяй, бачачы сваю бызвыходнасць?

Гэта адвечная спрэчка, ці варта, калі хтосьці дае нам у морду, адказаць, ці пабачыўшы, што ён мацнейшы, папрасіць прабачэння? Тады можна спытаць, а які сэнс увогуле бараніцца ад ворага, можа тады здавацца на пачатку, калі яго армія мацнейшая?

Калі б паўстання ня было, а з ім не было і прагі да жыцця ў свабоднай і незалежнай Айчыне, то гэта нічога не змяніла б у лепшы бок. Ніхто не зьбіраўся ператвараць Паўночна-Заходні край у Беларусь. Паўстанне ж стала яшчэ адным крокам да вызвалення.

У гэтым канфлікце былі два бакі: адныя хацелі быць свабоднымі, а іншыя хацелі гэтую прагу да свабоды задушыць. Мы былі на слушным баку. Варта памятаць пра гэта і ўшанаваць паўстанцаў. За іх адвагу і мужнасць, за супраціў гвалту, за бескапраміснасць.

Калі пачалося паўстанне, то жонка правадыра паўстанцаў Рамуальда Траўгута спытала ў мужа: “Ці ёсць сэнс у гэтым паўстанні”. Траўгут адказаў: “Ня ведаю, ці ёсьць сэнс, але ёсць неабходнасць”.

Учынак паўстанцаў – гэта урок вялікай годнасці. Сёння шмат хто называе іх рамантыкамі і ідэалістамі. Але гэта былі ці не самыя прагматычныя героі нашай гісторыі. Тое, за што яны змагаліся, ёсць. Тыя, супраць каго яны змагаліся, далёка ня тыя і ня там, што ў 1864 годзе.