Марына Адамовіч атрымала чарговае спатканьне з мужам на тэрыторыі гомельскага СІЗА-3 у суботу 12 сакавіка.
«Мікола даведаўся пра вайну фактычна ў першы дзень, як толькі яна пачалася, — расказала Марына Адамовіч. — І ён дастаткова дасьведчаны (паінфармаваны. — РС), нягледзячы на тое, што з усіх крыніц інфармацыі ён мае толькі радыёкропку з музычным радыё самых горшых узораў. Безумоўна, усе яго думкі толькі пра Ўкраіну. Ён вельмі прасіў перадаць сваю падтрымку мужнаму ўкраінскаму народу, які зараз змагаецца з агрэсарам. Мікола не сумняваецца ні хвіліны ў перамозе ўкраінцаў».
Па словах Марыны Адамовіч, Статкевіч мяркуе, што Ўкраіна ня можа не перамагчы ў гэтай вайне. Палітвязень таксама папрасіў перадаць свае прабачэньні ўкраінскаму народу.
«За тое, што вайна пачалася ў тым ліку з нашай зямлі, — сказала Марына Адамовіч. — З нашай акупаванай на сёньняшні дзень зямлі. Мікалай гатовы прызнаць сваю адказнасьць за гэта і прыняць сваю долю адказнасьці за гэта. Як і кожны з нас».
Палітвязень Мікола Статкевіч праз жонку Марыну Адамовіч папрасіў прабачэньня ва ўкраінцаў і сказаў, што адчувае сваю адказнасьць за напад Расеі на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі.
Марына Адамовіч таксама расказала, што Мікола Статкевіч вельмі цікавіўся ходам баявых дзеяньняў, тымі тыпамі ўзбраеньняў, якія заходнія краіны паставілі Ўкраіне. І якім чынам забясьпечваецца інфармацыйная падтрымка ўкраінцаў.
«Яго вельмі цікавіла тое, як беларускае грамадзтва паставілася да вайны», — расказала Марына Адамовіч. — Мікола мяркуе, што дзякуючы Ўкраіне перамены ў Беларусі могуць адбыцца нашмат хутчэй.
Па словах жонкі палітвязьня, за апошні месяц Мікола Статкевіч не атрымаў ніводнага ліста і тэлеграмы. Часам даходзяць толькі бандэролі і паштовыя пераводы. Перавод дайшоў толькі адзін. Марына Адамовіч кажа, што Статкевіч моцна дзякаваў за падтрымку ўсім, хто, нягледзячы на гэта, працягвае яму пісаць. У лютым Мікола Статкевіч перанёс у СІЗА каранавірус. Ад яго ў палітвязьня застаўся моцны кашаль.
14 сьнежня 2021 году Мікола Статкевіч быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах асаблівага рэжыму. За кратамі палітык знаходзіцца з 31 траўня 2020 году.
Радыё Свабода