​МІКОЛА СТАТКЕВІЧАб’яднаць дзве БеларусіДля мяне існуюць дзве Беларусі. Першая – нацыянальна свядома…

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ
Аб’яднаць дзве Беларусі

Для мяне існуюць дзве Беларусі. Першая – нацыянальна свядомая, патрыятычная, з веданнем рэальнай гісторыі краіны і адказнасцю за яе будучыню. Другая – абыякавая да абстрактных ідэй, заклапочаная ў большасці толькі жыццём сваіх сем’яў.

Першую Беларусь хвалюе будучыня краіны і нацыі, другую – толькі ўласны дабрабыт. І, безумоўна, першая Беларусь непараўнальна меньшая за другую.

Гісторыя апошняга стагоддзя паказвае, што калі першая Беларусь не абапіраецца на падтрымку другой, то ўсе яе праекты будаўніцтва нацыі і дзяржавы церпяць паразу. Як гэта было 100 гадоў таму. Тады ледзь не адзіны масавы выступ беларусаў за незалежнасць – у 1920 годзе на Случчыне, – стаў вынікам аб’яднання нацыянальна свядомых палітыкаў і сялян, якія хацелі абараніць свае гаспадаркі ад бальшавіцкіх рэквізіцый.

У пачатку 90-х першая Беларусь здолела прыцягнуць да сябе надзеі другой, змучанай савецкім дэфіцытам неабходных рэчаў, карупцыяй і хлуслівасцю камуністычнай наменклатуры. Але, на жаль, ненадоўга.

Падчас першых і адзіных вольных прэзідэнтскіх выбараў людзі, якія перажывалі сацыяльны шок і назіралі рост карупцыі ды маёмаснай няроўнасці, чакалі ад палітыкаў зразумелых прапаноў па вырашэнню сваіх праблем. Замест гэтага тагачасны лідар нацыянальных сіл распачаў публічную барацьбу супраць здані даўно памерлага Леніна і незразумелую тады для большасці кампанію супраць Расіі, якая ў той час яшчэ спрабавала шукаць шляхі да свабоды і, між іншым, без умоў забяспечвала Беларусь таннымі газам і нафтай.

Акрамя таго, вядучая ў той час нацыянальная партыя пачала дзіўную канкурэнцыю з грамадскімі арганізацыямі за права святкаваць пераможныя гадавіны беларускай вайсковай гісторыі. Разумею, як важна для нацыянальна свядомай меньшасці, тады і зараз, хоць на некалькі гадзін апынуцца сярод вялікай колькасці аднадумцаў, у суквецці нацыянальных сцягоў. Але занятая выжываннем большасць успрымала зацыкленасць нацыянальных палітыкаў на незразумелых ёй святах, як ігнараванне імі яе болю, яе праблем. Таму на прэзідэнтскіх выбарах абрала таго, хто казаў пра галоўнае для іх. Вынік таго выбару вядомы.

20 гадоў патрыёты ў меньшасці змагаліся за дэмакратыю, супрацьстаялі спачатку спробам улады здаць краіну, потым – гандляваць яе суверэнітэтам “ураздроб”. Але зараз у меньшасці апынуўся сам правячы рэжым, які ненавідзіць 80% насельніцтва. У патрыятычных сіл ёсць зараз усе прадумовы і абавязак узначаліць пратэстную большасць. Для гэтага трэба публічна выступіць у абарону сацыяльных і палітычных правоў людзей. Ужо існуе грамадскі кансэнсус па незалежнасці, дэмакратыі, неабходнасці перамен. Да таго ж, калі людзі бачаць, што вы сапраўды бароніце іх інтарэсы, то яны ў адказ прымаюць і вашу ідэялогію.

Каб стаць рэальнай альтэрнатывай рэжыму, трэба, найперш, публічна абазначыць сябе ў гэтай якасці. Акрамя масавых пратэстных акцый, у патрыятычных сіл больш няма рэальных сродкаў для гэтага. Бо заявы ў памяшканнях ніхто не чуе. А “выбары” ўжо не цікавяць нікога, акрамя чыноўнікаў, якія арганізуюць патрэбныя лічбы.

На жаль, кіраўніцтва дазволенай апазіцыі за гады ціску ўлады не толькі згубіла здольнасць супрацьстаяць ёй, але нават трапіла пад уплыў рэжыма. Каб пазбегнуць свайго самага важнага, але небяспечнага абавязку – барацьбы за дэмакратыю і незалежнасць, кіраўнікі большасці апазіцыйных партый пачалі займацца выключна “малымі справамі”, што павінны належаць арганізацыям грамадскага сектара.

Праўда, ёсць яшчэ перыядычная імітацыя “ўдзелу” ў імітацыі “выбараў”, але яе можна не ўлічваць з-за нікчэмнага ўплыву на сітуацыю.

“Малыя справы”, скіраваныя на паляпшэнне рэжыма, не прынясуць свабоды, бо маюць дакладнае абмежаванне – улада іх церпіць, пакуль яны не пачынаюць супярэчыць яе інтарэсам. Да таго ж, калі ўсе палітыкі пойдуць у грамадскі сектар, то рэжым пачне пераследаваць грамадскіх актывістаў – створаная машына рэпрэсій не можа прастойваць.

Улада разумее небяспеку для сябе масавых пратэстных акцый. Яна не толькі рэпрэсуе іх удзельнікаў, але імкнецца дыскрэдытаваць саму ідэю пратэста.
30 марта 2018 года