Што чакае Мікалая Статкевіча ў калоніі асаблівага рэжыму?Учора Вярхоўны суд пастанавіў пакінуць прыс…

Што чакае Мікалая Статкевіча ў калоніі асаблівага рэжыму?

Учора Вярхоўны суд пастанавіў пакінуць прысуды фігурантам «справы Ціханоўскага» без зменаў. Гэта значыць, што ў хуткім часе яны будуць накіраваныя ў калоніі. Але праз тое, што ў Мікалая Статкевіча, якога ўтрымліваюць за кратамі ўжо 24 месяцы, ёсць непагашаная судзімасць па арт. 293 Крымінальнага кодэксу, суд прызначыў яму 14 гадоў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму. Згодна з заканадаўствам, Мікалаю нават не могуць пералічыць дні, праведзеныя ў СІЗА (па новых правілах адзін дзень утрымання пад вартай адпавядае паўтара дням пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага і ўзмоцненага рэжыму).

У нядаўняй размове з «Новым часам» Марына Адамовіч распавяла, што Мікалая накіруюць у папраўчую калонію № 13 у Глыбокім, у якой прадугледжаны ўзмоцнены нагляд за асуджанымі. Там вязняў утрымліваюць у камерах замест атрадаў. Жонка палітвязня растлумачыла, чым калонія асаблівага рэжыму адрозніваецца ад іншых:

«Адзінае, у чым я падманулася, што прапусціла — гэта тое, што асаблівы рэжым прадугледжвае камернае ўтрыманне. Гэта такая завуаляваная форма турмы пад выглядам калоніі. Па сутнасці, асаблівы рэжым — гэта ўзаконенае маруднае забойства. Звычайна людзі не выжываюць там на працягу такіх тэрмінаў. Калі я прачытала пра гэта, проста распаўзлася лужынай у тым гомельскім гатэльчыку. Мікалая чакае асаблівы рэжым утрымання ў Глыбокім, куды яго павінны перавесці на працягу дзесяці дзён пасля таго, як пройдзе апеляцыя.

Калонія вельмі падобная да арміі. Адзінае што — за калючы дрот не выйдзеш. Там прадугледжанае казарменнае ўтрыманне, там ёсць атрады, спартыўныя пляцоўкі… Асаблівы рэжым — зусім іншае. У Глыбокім вельмі спецыфічны кантынгент. Там утрымліваюцца сапраўдныя асабліва небяспечныя рэцэдывісты — забойцы, гвалтаўнікі, асобы, асуджаныя да пажыццёвага зняволення,  і тыя, каму смяротнае пакаранне замененае на пажыццёвае. Сярод такіх людзей будзе мой Мікалай. Псіхалагічна гэта моцна мяне ўразіла. Але я ведаю, наколькі моцны Мікалай чалавек, як і ведаю тое, што ў іх столькі часу дакладна няма».

Асаблівы рэжым прадугледжвае: штомесячную «атаварку» на 3 базавыя велічыні; два кароткатэрміновых і адно працяглае спатканне на працягу года; адну пасылку або перадачу і дзве бандэролі ці два дробныя пакеты на працягу года.

Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу