​Заява Прэзідыума партыі Народная ГрамадаДва гады таму дзяржаўны злачынца Лукашэнка, у чарговы раз с…

Заява Прэзідыума партыі Народная Грамада

Два гады таму дзяржаўны злачынца Лукашэнка, у чарговы раз сфальсіфікаваўшы вынікі выбараў, і жорстка задушыўшы самыя масавыя ў гісторыі Беларусі пратэсты, з дапамогай сілавікоў, якія парушылі Прысягу народу Беларусі, фактычна здзейсніў ваенны пераварот у краіне пры падтрымцы пуцінскага рэжыму. Ні адна дэмакратычная краіна, у тым ліку Украіна, не прызнала Лукашэнку прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

У 2022 годзе Лукашэнка, зноў парушыўшы Канстытуцыю краіны, адплаціўся з Пуціным незалежнасцю Беларусі, падаўшы яе тэрыторыю для размяшчэння расейскага войска, якая вераломна напала на Украіну.

Увесь гэты час бесперапынна раскручваецца махавік рэпрэсій у дачыненні да беларускай грамадзянскай супольнасці. У краіне некалькі тысяч палітвязняў. Следчы камітэт аб’явіў пра больш за 10 тысяч крымінальных спраў пратэстнай накіраванасці, што дазваляе ацаніць рэальныя маштабы рэпрэсій. Кожны дзень адбываюцца ператрусы і арышты па ўсёй Беларусі. Сотні тысяч рэпрэсаваных і асуджаных па палітычных артыкулах беларусаў вымушаны з’ехаць з краіны, каб застацца на волі.

З пачатку поўнамашабнага ўварвання рашыстаў ва Украіну, беларусы ў краіне і дыяспарах выступілі ў абарону Украіны і супраць фактычнай акупацыі расейскімі войскамі беларускай зямлі. Многія з гэтых людзей зараз арыштаваныя, ім пагражаюць вялізныя тэрміны і нават смяротнае пакаранне.

У першыя ж дні вайны беларускія добраахвотнікі паехалі ва Украіну ваяваць супраць рашысткіх захопнікаў. Беларускія валанцёры па ўсім свеце пачалі збор дапамогі для УСУ і ўкраінскіх бежанцаў. Беларускія блогеры і дэмакратычныя СМІ ўключыліся ў інфармацыйную падтрымку Украіны. Штодня ідзе вялізная праца для таго, каб наблізіць перамогу Украіны і вызваленне Беларусі.

На працягу двух апошніх гадоў наша партыя выступала з заявамі і зваротамі да кіраўніцтва Украіны, папярэджваючы яе аб небяспецы гандлёвых і дыпламатычных адносін з рэжымам Лукашэнкі. Яшчэ за год да пачатку вайны з боку нелегітымных беларускіх уладаў была развязана беспрэцэдэнтная інфармацыйная вайна і распачата блакада ўкраінскіх харчовых тавараў у гандлёвых сетках Беларусі. Беларускі “кіраўнік” паслядоўна трымаў курс на эскалацыю напружанасці ў адносінах з Украінай.

Прэзідыум партыі Народная Грамада, лідэр партыі Мікалай Статкевіч (палітвязень, асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму) звяртаемся да Офіса Прэзідэнта Украіны і Вярхоўнай Рады Украіны падзяліць рэжым Лукашэнкі і акупаваную, пераўтвораную ў канцлагер Беларусь. Заклікаем вас праявіць палітычную мудрасць і прызнаць тэрарыстамі непасрэдна Лукашэнку і сілавікоў, якія выконваюць яго злачынныя загады. Няхай кожны з іх нясе асабістую адказнасць за свае злачынствы і ведае, што пакаранне няўхільна.

31.08.2022