Я не хачу ўлазіць у пытанне арганізацыі кіраўніцтва дыяспарай. Гэта справа, найперш, самой дыяспары….

Партыя Народная Грамада

Я не хачу ўлазіць у пытанне арганізацыі кіраўніцтва дыяспарай. Гэта справа, найперш, самой дыяспары. Але ёсць пытанне, якое хвалюе ўсіх беларусаў. Зараз усіх нас у адну нацыю звязваюць беларускія незалежныя інтэрнэт-рэсурсы. І яны павінны паказваць прыклад сапраўды незалежнай прафесійнай журналістыкі. Але кідаецца ў вочы выразная ангажаванасць і нават самацэнзура некаторых рэсурсаў. Я маю дастатковы досвед, каб зразумець, што гэта ангажаванасць, як і некалі на роднай зямлі, звязана з крыніцамі фінансавання. Але ж зараз, нібыта, гэтае фінансаванне ажыццяўляецца еўрапейскімі структурамі ў межах падтрымкі ўсёй беларускай дэмакратыі. Як я зразумеў, размеркаваннем падтрымкі паміж канкрэтнымі беларускімі рэсурсамі займаюцца кіруючыя структуры дыяспары, якія і атрымоўваюць найбольш увагі ад гэтых рэсурсаў. Усё, як некалі было тут – “хто дзяўчыну корміць, той яе і танцуе”. Толькі бурлівая дзейнасць “офісаў” і “кабінетаў” цікавая найперш для ўладальнікаў ды насельнікаў гэтай нерухомасці. Большасць беларусаў тут абыякавая да яе. Ну ды нічога – людзі пацерпяць дзеля магчымасці ўбачыць іншую, важную для сябе інфармацыю. Але з другога боку, калі наша краіна вызваліць сябе, у якасці ўзору еўрапейскага прафесіяналізму, аб’ектыўнасці ды крытычнага стаўлення да злоўжывання ўплывамі да нас прыедуць каманды беларускіх журналістаў, навучаных прафесійна за грошы паказваць чорнае белым ці наадварот? Дзякуй, не трэба. Тут такіх аж зашмат. Вучыцеся лепшаму.
Для мяне відавочна, што пытанне размеркавання дапамогі беларускім дэмакратычным інтэрнэт-рэсурсам з боку структур ЕС павінна вырашацца незалежным непалітычным органам і па аб’ектыўным крытэрыям. Думаю, што прадстаўнікі гэтых рэсурсаў здольны супольна выпрацаваць такія крытэрыі.
А ўсім беларусам па абодва бакі мяжы хачу сказаць:”Будзем разам, каб Беларусь жыла!”