МАТЭРЫЯЛЬНАСЦЬ МАРАЛІУ сённяшнім свеце ў палітычнай барацьбе, заснаванай на інфармацыйным уздзеянні …

Партыя Народная Грамада

МАТЭРЫЯЛЬНАСЦЬ МАРАЛІ
У сённяшнім свеце ў палітычнай барацьбе, заснаванай на інфармацыйным уздзеянні на грамадства, часта да ўлады ў выніку выбараў прыходзяць персоны, якія могуць накіраваць на арганізацыю сваёй інфармацыйнай кампаніі шмат фінансавых рэсурсаў і якія не грэбуюць апеляваць у ёй да не самых лепшых пачуццяў найменьш адукаванай часткі грамадства – зайздрасці, рэальных ці ўяўных страхаў, ксенафобіі. Таксама, часта грэбаванне маральнымі прынцыпамі, прыземленае ўспрыманне палітычных працэсаў працягваецца ўжо пры знаходжанні такіх персонаў ва ўладзе і нават пераносіцца на іншыя краіны. Асабліва, калі ва ўладзе апынаюцца буйныя бізнэсмэны, якія ўсё ацэньваюць у выключна матэрыяльных катэгорыях. Звыклыя ў сваёй папярэдняй дзейнасці да прагназавання суадносін сіл у эканамічнай канкурэнцыі толькі ў катэгорыях грошаў і матэрыяльных рэсурсаў, яны пераносяць такі падыход на ўнутраную палітыку ці нават на міждзяржаўныя стасункі. Гэты падыход паддаецца ім эфектыўным, бо яны не ўяўляюць, што існуе яшчэ свет ідэалаў, значных для вялікай колькасці людзей, што існуюць заснаваныя на ім маральныя прынцыпы, жыццёва важныя для многіх. Мы можам не разумець некаторых ідэалаў і заснаванай на іх маралі ці нават лічыць асобныя з іх цемрашальскімі. Але ж такія ідэалы таксама існуюць і ўплываюць на паводзіны людзей. Таму, такому дэмакратычна абранаму палітыку лягчэй знаходзіць агульную мову з аўтакратамі, якія трымаюцца аналагічных з ім рэсурсных ды немаральных падыходаў і таму цалкам зразумелыя яму.
Але недаацэнка маральнага фактару, здольнасці людзей і народаў да маральнай мабілізацыі ў выпадках абразы іх маральных пачуццяў, прыводзіць да знешнепалітычных памылак ці нават правалаў.
Маральны фактар шматкроць ўзмацняе сілы і матывацыю грамадстваў. У выніку, меньш забяспечаная рэсурсамі і меньшая па колькасці насельніцтва краіна перамагае больш матэрыяльна моцнага і шматлікага агрэсара, звышдзяржаве прыходзіцца плаціць за перамір’е рэжыму рэлігійных фанатыкаў з разгромленай арміяй, а звычайныя грамадзяне выкідваюць аўтакратаў на звалку гісторыі.