Дрон ударыў па пасажырскім аўтобусе, які ехаў з Мінска ў Анапу праз Гомель. У салоне знаходзіліся 19 пасажыраў і два кіроўцы. Удар прыйшоўся ў лабавое шкло. Пацярпелі абодва кіроўцы, ім была аказана медыцынская дапамога.
Гэта ўжо другі падобны выпадак за гэтае лета. Зусім нядаўна ад атакі дрона пацярпеў аўтобус з дзецьмі з Рэчыцы, якія ехалі на адпачынак праз Бранскую вобласць.
Гэтыя падзеі яшчэ раз паказваюць: паездкі на адпачынак у Расію сёння звязаныя з сур’ёзнай рызыкай. Тым не менш многім беларусам такі адпачынак працягваюць прапаноўваць як «даступную» альтэрнатыву. Работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, якія не могуць дазволіць сабе даражэйшыя паездкі, нярэдка выбіраюць Анапу, Сочы або Геленджык. Беларускіх дзяцей таксама адпраўляюць у лагеры на расійскім узбярэжжы, у тым ліку бясплатна, у якасці ўзнагароды за перамогі ў алімпіядах і спаборніцтвах.
Але сёння сапраўдны кошт такога «таннага» адпачынку можа аказацца занадта высокім. Бо пад пагрозай не толькі планы на лета, але і здароўе, і нават жыццё.