Беларусь — адзіная з былых савецкіх рэспублік, якая адзначае Дзень Незалежнасці не ў гонар набыцця ўласнай дзяржаўнасці або выхаду з СССР, а ў дзень вызвалення Мінска ад нацысцкай акупацыі — 3 ліпеня 1944 года. Такое рашэнне было прынята пасля рэферэндуму 1996 года, ужо ў часы кіравання Лукашэнкі.
Безумоўна, вызваленне Беларусі ад нацызму — гэта важная гістарычная падзея, якая заслугоўвае памяці і павагі. Але незалежнасць дзяржавы — гэта іншае. Гэта права народа самастойна вызначаць сваю будучыню, сваю ўнутраную і знешнюю палітыку, сваю культуру і свой шлях.
Сёння Беларусь застаецца ў моцнай залежнасці ад Расіі. Крэмль фінансава падтрымлівае рэжым, на беларускай тэрыторыі знаходзяцца расійскія вайскоўцы, а з беларускай зямлі запускаліся ракеты па Украіне. Пад выглядам «саюзніцтва» адбываецца паступовае знішчэнне беларускай мовы, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці. Тыя ж беларусы, якія выступаюць супраць гэтай залежнасці і адстойваюць сапраўдную незалежнасць краіны, апынаюцца ў турмах або вымушаныя пакінуць Радзіму.
Сапраўдная незалежнасць — гэта не дата ў календары і не ваенны парад. Гэта свабода народа, суверэннасць дзяржавы, павага да ўласнай гісторыі, культуры і права грамадзян свабодна выказваць сваю думку.
Мы верым, што прыйдзе дзень, калі Беларусь будзе адзначаць Дзень незалежнасці, маючы самастойную ўладу, дзяржаўную мову, гістарычны, а не савецкі сцяг — як сапраўды свабодная, дэмакратычная і незалежная краіна.