г. Вільнюс
9 снежня 2023 г.
У адпаведнасці з прынцыпамі сацыял-дэмакратыі і на падставе глыбокай павагі да правоў чалавека мы, удзельнікі канферэнцыі, якая прысвечана 120-годдзю заснавання Беларускай Сацыялістычнай Грамады, прымаем дадзеную рэзалюцыю.
Мы, удзельнікі канферэнцыі,
асуджаем парушэнне правоў чалавека. Выказваем свой пратэст і абурэнне з прычыны палітычных рэпрэсій, якія адбываюцца ў Беларусі, абмежаванняў свабоды сходаў і выказванняў, свабоды аб’яднанняў, свавольства дзеючай улады ў трактаванні законаў і іх правапрымяняльнай практыцы. Патрабуем спыніць палітычныя рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязняў і рэабілітаваць усіх пяцярпелых грамадзян па палітычных матывах. Заклікаем міжнародную супольнасць узмацніць ціск на рэжым і праявіць салідарнасць з беларускім народам;
– пацвярджаем наша цвёрдае імкненне да стварэння дэмакратычнага і сацыяльнага грамадства ў Беларусі. Мы выступаем за правядзенне свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў, а таксама за ўмацаванне інстытутаў грамадзянскай супольнасці і абарону правоў чалавека;
заклікаем усе бакі, зацікаўленыя ў вырашэнні палітычнага крызісу ў Беларусі, да адкрытага і канструктыўнага дыялогу. Мы падтрымліваем ідэю нацыянальнай згоды і зменаў, накіраваных на ўсталяванне справядлівасці і павагі правоў чалавека;
бачым будучыню Беларусі, як частку Еўрапейскага Саюзу. Мы заклікаем да правядзення неабходных рэформаў, накіраваных на адпаведнасць еўрапейскім стандартам дэмакратыі, правам чалавека і прававой дзяржаве. Мы падкрэсліваем важнасць інтэграцыі з ЕС дзеля умацавання дэмакратычных інстытутаў і забеспячэння дабрабыту грамадзян;
выказваем наша катэгарычнае асуджэнне агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны. Падтрымліваем тэрытарыяльную цэласнасць i недатыкальнасць межаў Украіны. Выказваем сваю салідарнасць з украінскім народам.
Гэтая рэзалюцыя, прынятая ў 120-ю гадавіну стварэння Беларускай Сацыялістычнай Грамады, пацвярджае наша імкненне да пабудовы дэмакратычнай і сацыяльнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь і нашу непарыўную адданасць каштоўнасцям сацыял-дэмакратыі: свабоды, справядлівасці і салідарнасці.
Жыве Беларусь!
Жыве сацыял-дэмакратыя!