Праблемы дапамогі былым палітвязням, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй калоній у Беларусі

Партыя Народная Грамада

ЛЁС “СТУКАЧОЎ”
Адзін з маіх знаёмых, які жыве за межамі Беларусі, пацікавіўся маім меркаваннем па пытанню, што дыскутуецца ў Сеціве – ці варта праваабаронцам аказваць матэрыяльную дапамогу былым палітвязням, якія ў калоніях супрацоўнічалі з адміністрацыяй і даносілі ёй на іншых палітвязняў. Карацей, былі “стукачамі”, як такіх называюць. На мой погляд, гэта пытанне найперш да донараў, якія фундуюць гэтую дапамогу, па якіх зададзеных імі крытэрыях яна павінна размяркоўвацца. Але трэба ўлічваць, што хоць у калоніі вязьні звычайна ведаюць тых, хто “ходзіць у штаб” да аператыўных супрацоўнікаў, бо там такое цяжка схаваць, але патрэбны сведчанні, як мінімум, некалькіх арыштантаў з добрай рэпутацыяй. Бо ў такой справе магчымыя і агаворы на тле асабістай непрыязнасці. Ды й “службы” любяць пагуляць у такія гульні. Да прыкладу, часта крыніцамі плётак пра нібыта “супрацоўніцтва” некага з КГБ з’яўляюцца “сексоты” КГБ.
Але самая вялікая праблема не ў гэтым. Калі нехта робіцца нават дробным “стукачом” у калоніі, каб палепшыць сваю сітуацыю, то ён садзіцца на кручок на ўсё жыццё. Калі гэта звычайны крымінальнік, то пасля вызвалення дадзеныя пра яго “стукацтва” перадаюцца ў РАУС па месцы жыхарства. Там яго прымушаюць працягваць даносіць на сваіх знаёмых ды сяброў ужо мясцовай міліцыі. А бывае, што такіх “падводзяць” і да “палітычных”. Дасье ж на вызваляемых “стукачоў”, якія даносілі на сваіх таварышаў у калоніі, перадаюцца КГБ. Іх могуць зрабіць “сексотамі” перад вызваленнем. Потым знаходзяць і за мяжой, бо Інтэрнэт дазваляе, і прапануюць працягнуць “супрацоўніцтва”. Пры адмове пагражаюць блізкім, што засталіся ў Беларусі, ці апублікаваць у Сеціве відэадоказ даносаў у калоніі. Калі былы “стукач” ці “сексот” пагаджаюцца, то ператвараюцца ўжо ў “шпіёна” замежнай дзяржавы ў краіне знаходжання. А значыць – у злачынцу па мясцовым законам з перспектывай новага зняволення. Вось такі лёс наканаваны “стукачам” – тым, хто вырашыў палепшыць сваё становішча коштам яго пагаршэння ў іншых. Галоўная праблема не ў тым, ці аказваць дапамогу тым, каго выкрылі, як “стукача”, а ў бяспецы тых праваабаронцаў, якія яму гэту дапамогу арганізуюць і іх блізкіх на Радзіме. Бо людзі, якія прайшлі гэты шлях ад “стукачоў” да “шпіёнаў”, маральных тармазоў ужо не маюць – здадуць і тых, хто ім дапамагае. Ну, няхай праваабаронцы самі вырашаць, як з такімі працаваць. Астатнім жа я рэкамендую трымацца ад такіх як мага далей.