У Беларусі адзначаюць Міжнародны дзень абароны дзяцей на фоне парушэнняў іх правоў

Партыя Народная Грамада

Сёння ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэта нагода не толькі павіншаваць самых маленькіх, але і задумацца пра тое, у якіх умовах яны растуць.

На жаль, у сучаснай Беларусі правы дзяцей парушаюцца сістэмна. Замест свабоднага развіцця і крытычнага мыслення дзеці ўсё часцей сутыкаюцца з прапагандай і мілітарызацыяй. Яшчэ ў дзіцячых садах ім прапануюць маляваць вайну, школьнікам паказваюць ваенныя фільмы з жорсткімі сцэнамі гвалту, а падлеткаў вучаць абыходжанню са зброяй і таму, што ўсе, хто супраць Лукашэнкі — здраднікі. Дзяржава рыхтуе дзяцей не да жыцця ў свабодным грамадстве, а да служэння інтарэсам рэжыму.

Сотні маленькіх беларусаў вымушаны расці без мамы ці таты побач. Іх бацькі апынуліся ў турмах за ўдзел у мірных пратэстах, каментарыі ў інтэрнэце, фатаграфіі або грамадзянскую пазіцыю. Для дзіцяці гэта не палітыка — гэта страчаныя гады дзяцінства, сустрэчы і абдымкі. Гэта пэўныя фінансавыя абмежаванні ці нават цкаванні ў школе за тое, што бацька ці маці — нібыта вораг дзяржавы.

У дзяцей Беларусі цяпер значна менш магчымасцей развіваць свае таленты і насалоджвацца дзяцінствам. Многія міжнародныя спартыўныя і культурныя спаборніцтвы для іх фактычна забароненыя. Таму не дзіва, што старэйшыя школьнікі ўсё часцей разумеюць, што для атрымання якаснай адукацыі і будучыні ім давядзецца пакінуць краіну.

Дзеці не павінны быць закладнікамі палітыкі. Яны маюць права на бяспеку, адукацыю, сям’ю, свабоднае развіццё і мірнае неба над галавой. І сапраўдная абарона дзяцей пачынаецца не са святочных мерапрыемстваў, а з павагі да іх правоў кожны дзень.