МАСАВЫЯ ЗАТРЫМАННІ Ў БЕЛАРУСІПа інфармацыі праваабаронцаў сёння, 23 студзеня, пачынаючы з 6 гадзін р…

МАСАВЫЯ ЗАТРЫМАННІ Ў БЕЛАРУСІ

Па інфармацыі праваабаронцаў сёння, 23 студзеня, пачынаючы з 6 гадзін раніцы пачаліся ператрусы і затрыманні сярод сваякоў палітвязняў, былых палітвязняў, актывістаў. На дадзены момант ёсць інфармацыя пра больш за 60 затрыманых, ператрусы праводзіліся ў межах крымінальнай справы па арт. 361-1 ч. 1 і ч.3 КК РБ. Таксама сёння стала вядома, што ініцыятыва IneedHelpBy была прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Праваабаронцы мяркуюць, што затрыманні могуць быць звязаныя менавіта з гэтым кірункам дапамогі.

Была затрыманая Марына Адамовіч, праваабаронца і жонка палітыка Мікалая Статкевіча, які вось ужо амаль год знаходзіцца ў стане інкамунікада. Нічога не вядома пра ягоны стан здароўя, для яго не прымаюць перадачы, не пускаюць адваката і няма лістоў.

Таксама вядома, што прайшлі ператрусы ў прадстаўнікоў ініцыятываў дапамогі палітвязням і іх сем’ям. Паводле інфармацыі Dissidentby з 8 раніцы і да 18 вечара праводзіўся ператрус па месцы прапіскі Марыны Касінеравай супрацоўнікамі КДБ, падрабязнасці невядомыя. Сама Марына зараз знаходзіцца за межамі Беларусі і з’яўляецца арганізатаркай праваабарончай ініцыятывы Dissidentby.

Нагадваем аб правілах інфармацыйнай бяспекі, а таксама аб праекце дапамогі “Лічбавая апора: бяспека разам”. Яго для беларусаў унутры краіны запусціў фонд “Краіна для Жыцця” сумесна з ініцыятывай “АПІРА”.