Традыцыя ўскладання кветак на магілы загінуўшых салдат у Мінску працягваецца

Партыя Народная Грамада

МЁРТВЫЯ НЕ ВІНАВАТЫЯ
Напрыканцы чэрвеня 2020 года, падчас адбывання арышту ў ізалятары на вуліцы імя Акрэсьціна мне завочна дадалі яшчэ 15 сутак арышту за “правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства” – ускладання 8 мая таго ж года на Вайсковых могілках Мінска кветак да магіл загінуўшых салдат. Я думаю, што цяжка знайсці больш красамоўнае сведчанне сапраўднага стаўлення ўлад да памяці шматмільённых ахвяр той, развязанай таталітарнымі рэжымамі вайны.
Сама традыцыя ўскладваць кветкі на салдацкія магілы 8 мая – у дзень, калі насамрэч у Еўропе завяршылася крывавая бойня, была распачатая аж у 1992 годзе дэлегатамі 1-га з’езду “Беларускага згуртавання вайскоўцаў”.
Дэлегаты – афіцэры-беларусы, якія служылі ў розных кутках СССР, прыехалі ў Мінск, каб дамагчыся права служыць у Беларусі і Беларусі. Яны ведалі, якія масавыя страты неслі савецкія войскі падчас лабавых атак, у многіх загінулі родныя, некаторыя самі удзельнічалі ў афганскай вайне. Яны разумелі, што
афіцыйныя мерапрыемствы каля велізарных манументаў, парады, салюты, ўрачыстыя сходы і сапраўдны смутак па загінулым – розныя рэчы. Таму прапанавалі, згодна з традыцыямі нашага народа, прыйсці ў гэты дзень да магілаў палеглых. Далей гэтую традыцыю падтрымлівалі актывісты БЗВ, потым – Народнай Грамады.
Ў другой палове 90-х традыцыя была дапоўнена. Тады людзі актыўна пратэставалі супраць спроб “на каленях паўзці” ў Расію і цягнуць туды Беларусь. Многім прыйшлося пазнаёміцца з ўмовамі “ізалятара для “правапарушальнікаў” на вуліцы імя лётчыка Акрэсціна, загінуўшага ў 1944 ва ўзросце 21 год. Я там агулам правёў каля года.
Каб абараніць гонар маладога героя, які не можа мець нічога агульнага з пэнітэнцыярнай ўстановай на вуліцы яго імя, мы пачалі ўскладаць кветкі і да яго магілы.
Наша традыцыя захоўвалася дзесяцігоддзямі. У тым ліку і тады, калі кіраўніцтва Народнай Грамады было у зняволенні. Захоўвалася яна і апошнія 6 гадоў. Сёння яна была зноў працягнутая.
Зараз гісторыя паўтараецца. Зноў пачатая вайна з мэтай ўзяць рэванш за прайграную, толькі ўжо не першую сусветную, а трэцюю сусветную “холодную” вайну, зноў спрабуюць вярнуць страчаныя тэрыторыі, толькі не Данцыг і Эльзас, а Крым і ўсю Украіну, зноў “бароняць правы суайчыннікаў”, толькі не ў Судэтах, а на Данбасе, зноў хочуць збудаваць свой мир, толькі не “арыйскі” а “русский”. І спрабуюць скарыстаць у сваёй вайне тых, хто змагаўся і загінуў спрабуючы спыніць ўсё пералічанае. Мёртвыя не вінаватыя, калі іх скарыстоўваць у палітычных гульнях ды інфармацыйных войнах. Яны не могуць ўстаць з магіл, каб абараніць сябе. Як не можа ўстаць з магілы на Вайсковых могілках лётчык Акрэсцін, каб запярэчыць таму, што яго імя ў вачах усёй планеты звязалі з месцам, дзе людзей катавалі за іх перакананні.