АБЯСЦЭНІЦЬ “ЛЮБОЙ ЦАНОЙ”
Турма – абсалютна ненатуральнае месца для чалавечых істот. Таму ўсе вязні мараць як найхутчэй апынуцца на волі, а патрабаванне “свабоду палітвязням любой цаной!” падаецца зразумелым і цалкам слушным.
Асабліва для блізкіх і сяброў палітвязняў. Але ў гэтай справе за дзесяцігоддзі з часоў з’яўлення ў нашай краіне палітвязняў выявіліся пэўныя заканамернасці і тэндэнцыі. Я магу меркаваць пра іх па ўласным досведзе, бо ўжо тройчы выходзіў на свабоду датэрмінова, як палітвязень. Людзі робяцца палітвязьнямі, бо не могуць больш мірыцца з парадкамі, ўсталяванымі рэжымам, які народ не абіраў. Яны пратэстуюць супраць такіх парадкаў, патрабуюць сапраўдных выбараў і трапляюць ва ўстановы пенітэнцыярнай сістэмы рэжыма. Дэмакратычныя краіны спачатку падтрымліваюць палітычныя патрабаванні пратэстоўцаў, а потым пераключаюцца на патрабаванні вызвалення палітвязняў. Ўводзяцца санкцыі, пачынаюцца дыпламатычныя кантакты заходніх краін з рэжымам, каб дамагчыся вызвалення палітвязняў. Прадстаўнікі рэжыма ахвотна ідуць на такія кантакты, якія ператвараюцца ў гандаль пра адмену санкцый за вызваленне людзей. Пра прычыны, з-за якіх людзі выйшлі на пратэсты і сталі палітвязнямі, неяк забываецца. Тым болей, што прадстаўнікі рэжыма даводзяць пра пагрозы незалежнасці з боку Масквы, пра адсутнасць палітычнага манёўра ў рэжыма з-за санкцый, якія замінаюць абараніць незалежнасць. Пасля гэтага на заходнім баку непазбежна з’яўляецца чарговы “малады геній”, які прапануе простую, як граблі, ідэю – мы не можам прымусіць гэты рэжым да дэмакратыі, але мы можам адарваць Беларусь ад Масквы. Варта толькі дамовіцца, каб ён адмовіўся ад найбольш адыёзных дзеянняў – напрыклад, вызваліў палітвязняў, бо інакш з ім няёмка мець справы. А тады мы адменім санкцыі і пачнем развіваць з ім эканамічныя стасункі, каб дапамагчы яму здзейсніць яго жаданне – адарвацца ад Масквы. Дамова дасягаецца, палітвязні вызваляюцца, санкцыі здымаюцца. Рэжым і яго новыя партнёры атрымоўваюць дадатковыя прыбыткі, ад Масквы рэжым не адрываецца, хутчэй, наадварот, бо не могуць жа сіямскія блізняты адарвацца адзін ад аднаго.
Але ёсць яшчэ народ, які ўсё больш прагне свабоды. Людзі выходзяць на ўсё больш масавыя пратэсты, нягледзячы на непублічна выказваемую іх арганізатарам незадаволенасць з боку заходніх палітыкаў. Я ведаю, пра што кажу. Рэжым палохаецца ўсё болей, закручвае гайкі ўсё мацней, палітвязняў робіцца ўсё болей, Захад ўводзіць санкцыі, пачынаюцца дыпламатычныя кантакты, а як далей, вы ўжо ведаеце. І так па колу. Гэта пра заканамернасці. Але ёсць яшчэ тэндэнцыі. З кожным колам гіне ўсё больш пратэстоўцаў. Колькасць палітвязняў расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Павялічваюцца турэмныя тэрміны, больш жорсткімі робяцца катаванні зняволеных. Стварылася ўражанне, што адносна Беларусі заходнія палітыкі ўпарта ходзяць па граблям, толькі б’юць гэтыя граблі нас і кожны раз ўсё больш балюча.
Першы раз мяне, дзякуючы дамоўленасці Захада з рэжымам, вызвалілі пасля двух год “хіміі” на два месяцы раней тэрміну. Не дробязь, бо мне ўжо наўпрост сказалі, што за гэтыя два месяцы мяне за “парушэнні” адправяць з “хіміі” ў калонію.
Другі раз я з 6 год тэрміна адседзеў меньш за 5. І гэта быў няпросты час, за які я паспеў двойчы пабываць у “крытай” турме. Але зноў дамоўленасці, ці, як любяць казаць зараз, “здзелкі”, і мяне вызвалілі.
Трэці раз тэрмін быў ужо 14 год, з якіх адбыў каля шасці і апынуўся дома ў няпэўным юрыдычным статусе пасля справакаванага ў зняволенні інсульту. Толькі адно памянялася – пазіцыя суседніх еўрапейскіх краін. Мабыць, пасля лютага 2022 года там нарэшце зразумелі рэальны кошт слоў пра “адрыў” ад Масквы і занялі прынцыповую пазіцыю.
Цяпер зноў вернемся да патрабавання “свабоду палітвязням любой цаной!” Калі па першай частцы патрабавання пытанняў няма, то да “любой цаны” яны ёсць. Для спецыялістаў па “здзелкам” цана – гэта заўсёды пра грошы. А грошы ў нашай сітуацыі – гэта ўзмацненне машыны рэпрэсій, больш палітвязняў і меньш шанцаў у мільёнаў беларусаў на вольнае ад страху рэпрэсій жыццё ў сваёй нармальнай краіне.