Выказванне пра вызваленне палітвязняў і небяспеку ператварэння краіны ў турэмную зону

Партыя Народная Грамада

Я вельмі шкадую людзей, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні, і шчыра радуюся іх вызваленню. Асабліва балючае для мяне тое, што ў зняволенні яшчэ знаходзяцца сотні жанчын, якім шматкроць цяжэй гэта перажываць, чым мужчынам. Я ўдзячны намаганням усіх, хто спрычыняецца да вызвалення палітвязняў. Але гэта “любой цаной” значыць проста “ратацыю” палітвязняў ва ўсё большых масштабах, а ў перспектыве – ператварэнне ўсёй краіны ў вялікую турэмную “зону”. Таму заклік: “Вызваліце маю сяброўку любой цаной, бо яна цудоўны чалавек і ёй там вельмі цяжка”, трэба сумленна дапаўняць: “Хай лепш замест яе пасадзяць іншую жанчыну, якую я не ведаю. Мне так будзе спакайней”.
Да таго ж, у зняволенні апынуліся розныя людзі. Нехта ішоў на пратэст і рызыку зняволення свядома, а хто патрапіў за краты выпадкова, бо машына рэпрэсій шырока грабе. І ставяцца яны да магчымасці зрабіцца аб’ектам “здзелкі” па рознаму. Некаму, галоўнае, што на волі, ды калі яшчэ за мяжой, то ўвогуле супер – “Я сваё адсядзеў, цяпер хай іншыя”.
А для некага, хто знаходзіў сэнс у сваім зьняволеньні, як працягу барацьбы за свабоду краіны, справядліва мяркуючы, што рэжым нясе страты з-за яго зняволення, стаць сродкам фінансавання рэжыма, супраць якога ён змагаўся, і паняволення сваёй краіны, якую ён хацеў вызваліць, – невыносная думка. Ён ужо прынёс сваю ахвяру, здзейсніў свой подзвіг. А ператварэнне ў аб’ект “здзелкі”, продаж, як скота на базары, як нявольніка на рынку, абясцэньвае яго подзвіг.
Так, вызваленне, але не “любой цаной”.
Не абесцэньвайце людзскія пакуты, стойкасць і мужнасць лепшых.
Не забірайце будучыню ў мільёнаў.