40-я гадавіна Чарнобыльскай катастрофы і небяспека чужой ядзернай зброі ў Беларусі

Партыя Народная Грамада

Сёння 40-я гадавіна Чарнобыльскай катастрофы, якая сталася для беларусаў нацыянальнай трагедыяй. Масква тады актыўна гулялася з “мірным атамам”. Абы-які патэнцыйна небяспечны праект, абы-як пабудаваная каля нашых межаў атамная станцыя, абы-якая яе эксплуатацыя – усё гэта прывяло да ядзернай катастрофы, да многіх тысячаў смерцяў ад хваробаў, звязаных з радыёактыўным апраменьваннем. Радыеактыўнымі рэчывамі была забруджана чвэрць тэрыторыі Беларусі, дзе жылі болей за два мільёны чалавек, сотні тысячаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы і перасяліцца ў больш “чыстыя” рэгіёны краіны.
Зараз Масква зноў гуляецца, толькі ўжо з “ваенным атамам” ды на тэрыторыі самой Беларусі, дзе зараз размешчана расійская ядзерная зброя.
Ядзерная зброя можа сапраўды абараніць краіну, але толькі, калі гэта свая ядзерная зброя. Чужая ж ядзерная зброя на нашай зямлі толькі робіць нас закладнікамі чужой волі, чужой палітыкі. Масква ўжо амаль не хавае сваіх намераў распачаць узброены канфлікт з суседнімі краінамі Захаду. У выпадку такога канфлікту расійская ядзерная зброя можа быць скарыстана з нашай зямлі, што выкліча ядзерныя ўдары ў адказ па Беларусі.
Калі гэты д’ябальскі сцэнар будзе рэалізаваны, то наша зямля ператворыцца ў радыёактыўную пустэльню, у якой ужо не будзе “чыстых” рэгіёнаў, у якіх ад радыяцыі могуць схавацца ацалелыя.
Ад продкаў нам дасталася прыгожая зямля з цудоўнай прыродай. Наш абавязак захаваць яе і перадаць наступным пакаленням беларусаў. Для гэтага трэба пазбавіць Беларусь ад чужой ядзернай зброі і небяспечных для нас ваенных саюзаў.
За нейтральную і бяз’ядзерную Беларусь!