Хутка будзе роўна 20 год, як я апублікаваў сваё эсэ “Этыка вольных” . Тады я адбываў у Баранавічах п…

Хутка будзе роўна 20 год, як я апублікаваў сваё эсэ “Этыка вольных” . Тады я адбываў у Баранавічах пакаранне двума гадамі “хіміі” за арганізацыю акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму, які дазволіў уладам зняць канстытуцыйнае абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека. За месяц да прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 года мяне перасталі выпускаць на працу і ізалявалі ў памяшканні “хіміі”, бо, як патлумачылі мне прадстаўнікі адміністрацыі, улады атрымалі звесткі, што я планую напярэдадні дня галасавання ўцячы ў Мінск і “арганізаваць рэвалюцыю”. У выніку мне прыйшлося амаль паўтары месяцы кругласутачна знаходзіцца ў адным пакоі з супрацоўнікам адміністрацыі, які назіраў за мной. У сваю чаргу ў суседнім пакоі таксама кругласутачна знаходзіўся намеснік начальніка абласнога ўпраўлення дэпартамента выканання пакаранняў, які назіраў за нясеннем службы тым супрацоўнікам адміністрацыі, які назіраў за мной. А ў кабінеце начальніка “хіміі” знаходзіўся намеснік начальніка рэспубліканскага дэпартамента выканання пакаранняў, які прыязджаў туды з Мінска на дзень, каб кантраляваць нясенне службы двума папярэднімі супрацоўнікамі. “Выбары” прайшлі па звычайнай схеме, абодва апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты паспяхова “злілі” шматтысячную акцыю пратэсту, што сабралося на Кастрычніцкай плошчы Мінска. А я, каб выкарыстаць вольны час, якога зрабілася аж зашмат, напісаў “Этыку вольных”. Думаю, што гэты матэрыял не згубіў сваёй актуальнасці і праз 20 гадоў і заслугоўвае паўторнага апублікавання.
Этыка вольных

Навошта прыйшлі мы ў гэты свет, калі непазбежна сыйдзем ў нябыт? Чаму мы, ў адрозненне ад іншых насельнікаў Зямлі, разумеем гэта? Для прыроды, для жыцця на нашай планеце ўсе проста і зразумела. Сэнс — у захаванні, у бяссмяротнасці роду, племені, расы, чалавецтва, што выяўляецца праз бясконцыя смерці і нараджэнні асобных індывідаў. Але які ў гэтым сэнс для мяне асабіста? Амаль кожны задаваў сабе гэтае пытанне ў дзяцінстве ці юнацтве. Не знайшоўшы адказу большасць імкнецца не думаць пра непазбежны канец і як мага камфортней пражыць тое, што дадзена. Безумоўна, згодна з уласным разуменнем аб тым, што з’яўляецца камфортным. Але ў любой больш-меньш значнай чалавечай супольнасці амаль заўсёды прысутнічаюць асобы, якія гатовы рызыкаваць сваім уласным камфортам ці нават жыццём дзеля нейкіх абстрактных ідэалаў. Сярод вялікай групы людзей заўжды знойдзецца той, хто не сперпіць несправядлівасці, подласці ці прыніжэння. Што прымушае такіх людзей ахвяраваць канкрэтнымі дабротамі дзеля рэчаў нематэрыяльных? Навошта яны?

У родавай памяці кожнага чалавека запісаны розныя мадэлі паводзін. У пэўных абставінах мы здольны (альбо не здольны) выявіць закладзеныя прыродай і продкамі ціхую упартасць земляроба, шчаслівы азарт і прагу здабычы паляўнічага, баявое шаленства воіна, халодную рашучасць правадыра. Яшчэ у кожным з нас схаваны раб і вольны чалавек. Раб гаворыць нам: “Прыстасуйся і выжыві любым коштам”. Вольны цвердзіць: “Абяры уласны і годны шлях. Памятай, што годнасць — гэта абавязак перад адзіным суддзём — уласным сумленнем”. Мы свядома ці несвядома ўсё жыццё выбіраем паміж імі. Таксама мы выбіраем , кім нам быць, навошта жыць, да чаго імкнуцца. Ці не імкнуцца, а проста плыць па плыні лёсу, успрымаючы навакольнае жыццё, як селянін успрымае надвор’е альбо ўладу — як абставіны, што не залежыць ад нас і да якіх трэба проста прыстасавацца. Гэта таксама выбар.

На наш выбар уплываюць, “актуалізуючы” тую ці іншую мадэль нашых паводзін жыццёвыя акалічнасці, СМІ, мастацкія творы, рэлігія, гістарыя, прыклады людзей наўкол. Прыклад годнасці адного абуджае годнасць у многіх. Гэтак жа подласць нараджае подласць, прыклад вольнага чалавека — жаданне быць вольнымі, а рабскія паводзіны — памнажаюць рабоў.

Людзей, якія здольныя быць вольнымі і супрацьстаяць пануючай волі ўлады ці большасці, няшмат. Але яны — магчымасць альтэрнатывы. Калі ўмовы існавання чалавечай супольнасці істотна змяніліся ці погоршыўся яе маральны стан, то такая супольнасць можа апынуцца пад пагрозай знікнення. Этычныя нормы з’явіліся ж не проста так.