Вось тады мы і пабачылі на вуліцах многія сотні тысяч пратэстоўцаў і ўбачылі іх эфект- мітусня і раз…

Вось тады мы і пабачылі на вуліцах многія сотні тысяч пратэстоўцаў і ўбачылі іх эфект- мітусня і разгубленасць уладаў, нават прабачэнні. Потым былі ўпартыя, мужныя і годныя, але істотна меньш колькасныя акцыі, якія мелі маральны, палітычны, гістарычны, міжнародны сэнс, але да змены сітуацыі прывесці ўжо не маглі. Потым пачалася ўладная масавая помста за перажыты страх і справакаваная ёю і прыкладам “лідэраў” масавая эміграцыя. Так што “лідэрства” самазванцаў ўсё ж было, але толькі ў гэтым.
Я так шчыра расказваю пра падрыхтоўку тых падзей і нашы дзеянні таму, што гэта важна- разумець падзеі і ролі розных асоб і арганізацый у іх. Каб не хадзіць па вечнаму колу, кожны раз робячы падобныя памылкі.
Я не хачу толькі крытыкаваць. Зрэшты, мы паказалі ўсяму свету, што ёсьць беларуская нацыя, гатовая змагацца за свабоду, што мусяць цяпер ўлічваць тыя, хто раней бачыў у нас толькі дэмаграфічны матэрыял для сябе, а правячы рэжым пазбаўлены легітымнасці. Людзі, якія апынуліся ў эміграцыі арганізоўвалі акцыі з патрабаваннямі вызвалення палітвязняў. Збіралі са сваіх не вельмі буйных даходаў грошы на дапамогу вызваленым.
Але зараз у рэгіёне ідзе вайна. Настала пара падрыхтаваць, забяспечыць рэсурсамі і рэалізаваць план рашучых крокаў па ўратаванню краіны ад жудасных сцэнароў, якія нам накідваюць з Ўсходу. Ці здольныя на гэта ждуны?
Што тычыцца падзей 2020 года, то яны былі для мяне, найперш, часам з’яўлення беларускай палітычнай нацыі, на што я працаваў дзесяцігоддзямі, нацыі годнай, мужнай. шляхетнай і салідарнай, якой захапляўся ўвесь свет. Часам з’яўлення цэлага шэрагу новых лідэраў, якія самі бралі на сябе ініцыятыву, арганізоўвалі і ўзначальвалі пратэсты, ішлі за гэта ў зняволенне. Прыйдзе час і ўдзячная вольная Беларусь ушануе іх імёны. Я ўпэўнены што першыя пакаленні кіраўнікоў вольнай беларускай дзяржавы будуць складаць менавіта гэтыя людзі.

– Беларусы з надзеяй чакалі выхаду на волю рэальных лідэраў беларускай апазіцыі. Ваша вызваленне вярнула надзею шматлікім прыхільнікам пераменаў. Што б вы ім зараз хацелі сказаць?

Не спадзявайцеся на цудоўныя перамены самі сабой, на нейчыю хваробу, смерць, на Трампа з ракетамі, на “Бога з машыны”, які некалі з’яўляўся ў старажытнагрэчаскіх трагедыях і вырашаў усе праблемы. Не будзьце ждунамі. Усё прыйдзецца вырашаць самім. І неабходныя для гэтага рэсурсы ў нас ёсць. Задача ў тым, каб аб’яднаць усе гэтыя рэсурсы і эфектыўна скарыстацца імі. Я ўжо пісаў пра гэта. Магчыма мае прапановы падаліся некаму нерэлістычнымі, бо былі заснаваны на няпоўнай інфармацыі і не ўлічвалі папярэдні няўдалы досвед. Дык трэба думаць і працаваць, каб зрабіць іх рэальнымі. Бо іншага шляху да вызвалення і захавання нашай краіны ў нас няма. І я веру, што мы здолеем, што Беларусь будзе жыць.