МАТЫВЫ І МАГЧЫМАСЦІМесяц таму я апублікаваў тут артыкул АПАКАЛІПСІС ЗАЎТРА. ЗОНА СМЕРЦІ НА «БАЛКОНЕ»…

МАТЫВЫ І МАГЧЫМАСЦІ
Месяц таму я апублікаваў тут артыкул АПАКАЛІПСІС ЗАЎТРА. ЗОНА СМЕРЦІ НА «БАЛКОНЕ». Гэты матэрыял меў пэўны рэзананс. Ды і развіццё падзей, новая інфармацыя пераконваюць мяне ў слушнасці выказаных засцярог. Таму мушу зноў вярнуцца да тэмы таго артыкула. Паразважаем пра матывы тых, хто гатовы стварыць ядзерны Апакаліпсіс на нашай зямлі і іх магчымасці зрабіць гэта.
Сітуацыя ў нашым рэгіёне робіцца ўсё больш складанай і напружанай. Масква, відавочна, прайграла Ўкраіну. Напад на Ўкраіну быў для Крамля працягам даўно прайгранай халоднай вайны з NATO. Справа ў тым, што ідэя імперскага рэваншу з’яўлялася і з’яўляецца навязлівай ідэяй значнай часткі расійскага грамадства. Можна нават сказаць – сучаснай расійскай нацыянальнай ідэяй, што ўлічвае і скарыстоўвае правячы ў Расіі рэжым. Няўдача ва Ўкраіне, асабліва на тле эканамічных цяжкасцяў, можа прывесці да сацыяльнага і палітычнага крызісу і пагрозе для ўлады. Расійцы даруюць цару мільёны ўласных, а тым болей, чужых ахвяр. Але не даруюць паразаў. Для аўтакратаў абсалютная ўлада з’яўляецца каштоўнасцю сама па сабе. Для іх яна – моцны наркотык, адмовіцца ад якога немагчыма. Яны атаясамляюць сябе з дзяржавай, а некаторыя нават са сваёй краінай. Напрыклад, сваіх палітычных праціўнікаў яны называюць “ворагамі дзяржавы”. А прэзідэнт Расіі сцвярджае, што калі ў РФ не атрымаецца далучыць да сваёй тэрыторыі ў 17,1 млн. км² яшчэ некалькі соцен квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі, то “Россия погибнет”.
Не думаю, что наша ўсходняя суседка загіне з-за гэтага, бо неяк жа яна існавала з 1991 да 2014 года без чужых земляў. Іншая справа, што сам Пуцін можа згубіць уладу, што, ў яго ўяўленні, напэўна, з’яўляецца катастрофай, роўнавялікай гібелі ўсёй Расіі. Страта ўлады пагражае не толькі звыкламу ладу жыцця аўтакратаў, але, часта, і самому іх жыццю. Таму, дзеля ўлады яны гатовы на ўсё.
Прайграўшы ва Ўкраіне, Масква мусіць шукаць іншых ахвяр для новай спробы “маленькай пераможнай вайны”, для чарговай спробы нанесці паразу Захаду. Найбольш імаверна, што наступным аб’ектам нападу плануюцца краіны Балтыі. Але ўпэўненасці ў сваім поспеху пасля 4 гадоў безвыніковай і стратнай вайны з Украінай у расійскіх генералаў істотна паменела. Яны не разлічваюць ужо на ўдалы бліц-крыг, бо еўрапейскія краіны, хай марудна, але рыхтуюцца да адпору. А зацягванне канфлікту, калі на дапамогу краінам Балтыі прыйдуць іх еўрапейскія саюзнікі, вядзе да непазбежнай паразы Масквы. І не толькі з-за розніцы ў эканамічным, дэмаграфічным і тэхналагічным патэнцыяле, але і з-за рэзкага зніжэння, ў параўнанні з мінулым, баявога патэнцыялу расійскіх салдат. Справа ў тым, што найбольш паспяховыя войны Расійская імперыя вяла, выкарыстоўваючы ў якасці салдат рабоў.
Ад пачатку XVIII стагоддзя расійскае войска фарміравалася з прыгонных сялян, якіх забіралі ў яго спачатку пажыццёва, а потым – на 25 гадоў. Даведзеныя муштрой і жорсткімі пакараннямі да неўратычнага стану, яны былі страшнымі праціўнікамі, асабліва ў бліжнім баі, і жахам для мірнага насельніцтва.
З канца XIX стагоддзя, пасля вызвалення сялян з рабства і пераходу на мабілізацыйны прынцып фармавання войска з адносна вольных людзей, Расія стала цярпець паразы ў войнах. Тэндэнцыю спыніў Сталін, калі сяляне ў калгасах былі зноў ператвораны ў прыгонных. А калі былі ўведзены загараджальныя атрады НКВД, калі сталі караць блізкіх салдата за яго ўцёкі з полю боя, калі СМЕРШ адпраўляў на растрэл за любыя праявы незадаволенасці, зноў стала магчымым кідаць у лабавыя атакі на нямецкія кулямёты вялікія масы войск. Савецкая армія стала перамагаць коштам каласальных страт. Зараз у Расіі рабства, нібыта, няма, мо, акрамя зняволеных, запас якіх не бязмежны.
Дэмаграфічны патэнцыял некалі шматлюднай і бяспраўнай вёскі амаль вычарпаны. Набраныя ж за вялікія грошы з дэпрэсіўных рэгіёнаў ці мабілізаваныя салдаты пакорліва і масава паміраць не хочуць. Калі ж улічыць заўсёдныя ў расійскім войску карупцыю і крадзёж, то робіцца зразумелым, што сіла расійскага войска ва ўяўленні знешніх назіральнікаў была відавочна пераацэнена.