НЕ САСТУПАЙ ЗЛУДнямі ў Празе я быў уганараваны праваабарончай прэміяй Homo Homini. Прэміію ўручыў ст…
Днямі ў Празе я быў уганараваны праваабарончай прэміяй Homo Homini. Прэміію ўручыў старшыня Сената Чэхіі Мілаш Выстрчыл.
(Судовым выканаўцам, якія ўжо наведвалі мяне ў пошуках новай маёмасці, прапанова не ўзбуджацца – прэмія не мае грашовага эквівалента).
Даведка:
Прэмія “Чалавек чалавеку” (Homo Homini) – прэстыжная ўзнагарода ў галіне правоў чалавека, якая ўручаецца з 1994 года чэшскай арганізацыяй “Чалавек у бядзе” (People in Need). Яна прысуджаецца актывістам і арганізацыям за значны ўклад у прасоўванне дэмакратыі і негвалтоўныя метады барацьбы, уручэнне праходзіць на адкрыцці фестываля “Адзін Свет”.
Мэта: Прызнанне мужнасці асоб, якія абараняюць правы чалавека і грамадзянскія свабоды, часта ў вельмі небяспечных умовах.
Сімвал: Шкляная скульптура, распрацаваная Даніэлай Хадзілавай, якая сімвалізуе справядлівасць і раўнавагу.
З-за немагчымасці для мяне выязжаць з Беларусі на цэрымоніі быў зачытаны тэкст майго выступу, які прыводзіцца ніжэй.
НЕ САСТУПАЙ ЗЛУ
Паводзіны кожнага чалавека, яго ўчынкі, нават словы непазбежна ўплываюць на іншых людзей, як мінімум, з – яго атачэння і праз іх далей, на грамадства.
Так адбываецца таму, што, мы, людзі, істоты статкавыя і, як ва ўсіх статкавых жывёл, у нас моцна развіты інстынкт капіравання паводзін адно другога.
З пункту гледжаньня эвалюцыі гэта зразумела: у крытычнай сітуацыі, калі ўцякаць, дык усім – мо, нехта і ўратуецца; калі біцца, то лепей кідацца на ворага ці небяспечнага звера ўсім. Так болей шанцаў на перамогу.
Гэты інстынкт даволі дзейсны, пра што сведчыць нават гісторыя войн, у якой былі выпадкі, калі ў разы большае войска разбягалася перад меньшым. Бо адзін салдат раптоўна кінуўся наўцёкі, а за ім – усё яго войска пабегла перад здзіўленым праціўнікам.
Былі і зваротныя выпадкі, калі смеласць нямногіх пераламляла ход бітваў…
Людзі капіруюць адзін другога і ў некрытычных ситуациях, асабліва, калі ўзор для капіравання мае высокі сацыяльны статус і яго паводзіны тыражуюцца масмедыя.
Мы памятаем, як ўплывае на паводзіны грамацтва хамства, хлуслівасць, цынізм першых асоб дзяржаў.
Безумоўна, ёсць і зваротныя выпадкі. Найбліжэйшы і вельмі вядомы і яскравы – прыклад Вацлава Гавела, які даказаў, што палітыка можа быць і маральнай, і чалавечнай.
Эфект капіравання добра вядомы і недэмакратычным рэжымам, якія імкнуцца не дапусціць любых публічных праяў нязгоды з іх палітыкай. Яны жорстка падаўляюць гэтыя праявы, каб у грамацтва было ўражанне ўсеагульнай згоды і падтрымкі ўлад. Калі такой падтрымкі няма і людзі пра тое ведаюць, тады рэжым спрабуе ўкараніць у свядомасць грамадства думку, што любы супраціў не мае сэнсу, што ўлада здольна любога размазаць у “брудную пляму”, што супрацьстаяць гэтаму немагчыма.
Калі мы саступаем злу, мы робім сілы зла больш моцнымі, і аслабляем дабро. Бо, з аднаго боку, даем сілам зла доказы іх усемагутнасці і ствараем ў іх ілюзію беспакаранасці і ўпэўненасці ў сваёй чорнай справе.
З другога боку, нашы саступкі злу даюць грамадству сігнал аб усемагутнасці зла, аб безнадзейнасці супраціву яму.
Для недэмакратычнай ўлады важна найперш зламаць і прымусіць саступіць ім людзей вядомых, каб прыклад іх скарэння перад злом аказаў найбольшае ўздзеянне на дэмаралізацыю грамадства.
Праўда, тут працуе і зваротнае. Ведаю, што сотні палітзняволеных у Беларусі, нягледзячы на здзекі і катаванні, так і не падпісалі прашэнняў аб памілаваньні, нават ўзамен на абяцанні вызвалення. Што дае прыклад нам усім на волі, сведчыць пра высокі маральны дух беларускай нацыі і стойкасць нашага народа. Для тых, хто яшчэ знаходзіцца ў зняволенні, важна адчуваць, што яны не самотныя ў сваёй барацьбе. Што на іх баку ўвесь вольны свет, свет добра.
Я ўдзячны за Вашую ўзнагароду, бо яна сведчанне прызнання Вамі мужнасці і стойкасці тых, хто і зараз пад неверагодным уціскам захоўвае сваю годнасць, гонар і сумленне, хто ў адзіночку вядзе сваю невядомую свету барацьбу супраць бязлітаснай машыны падаўлення, не саступаючы злу. Што вы разам з намі, што разам мы больш моцныя за зло і што разам мы пераможам.
Беларусь будзе вольнай!
Шчыра дзякую за ўзнагароду, сябры!