Сёння — Міжнародны дзень роднай мовы. Для большасці народаў гэта свята гонару і клопату пра сваю кул…
Беларуская мова ў Беларусі моцна дыскрымінуецца. З будынкаў знікаюць шыльды па-беларуску, закрываюцца беларускамоўныя школы і класы. На дзяржаўным тэлебачанні няма паўнавартасных праграм на роднай мове — пад выглядам «абароны правоў рускамоўных. А беларускамоўныя актывісты становяцца аб’ектам рэпрэсій.
Сёння стала вядома пра затрыманне культурнага менеджара Андрэя Кіма, заснавальніка праекта «Кінаконг», які займаўся прафесійным перакладам і агучваннем фільмаў і мультфільмаў па-беларуску, арганізоўваў кінапаказы па-беларуску па ўсёй краіне. Ахвярамі рэпрэсій таксама рэгулярна становяцца беларускамоўныя выдавецтвы, культурныя прасторы і суполкі.
Гэта — працяг палітыкі русіфікацыі, выгаднай Крамлю: пазбавіць беларусаў мовы, гісторыі, памяці, каб прасцей было навязаць чужую ідэнтычнасць. Тое ж патрэбна і Лукашэнку — бо людзі, якія памятаюць сваю мову і культуру, не хочуць жыць у аўтарытарызме.
Захаваць мову — значыць захаваць сябе. І пакуль жыве беларуская мова, жыве і Беларусь.