Стала вядома пра смерць былога палітвязня Дзяніса Сакалоўскага. Яму было ўсяго 47 гадоў — узрост, ка…

Стала вядома пра смерць былога палітвязня Дзяніса Сакалоўскага. Яму было ўсяго 47 гадоў — узрост, калі чалавек яшчэ поўны сіл, планаў і энергіі.

Пра страту паведаміла яго дачка Васіліна. Яна напісала, што хоча, каб пра яе тату памяталі — бо ён быў светлым чалавекам, любіў людзей і шмат зрабіў для журналістыкі і мастацтва.

Дзяніс працаваў аператарам на «Беларусь-1», але звольніўся, калі больш не змог мірыцца з тым, што адбываецца ў краіне. 22 снежня 2020 года яго затрымалі па справе «Прэс-клуба», абвінаваціўшы ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Некалькі месяцаў ён правёў у СІЗА — у ізаляцыі, пад ціскам, у пастаянным стрэсе. На волю выйшаў 23 жніўня 2021 года паводле «памілавання».

47 гадоў — гэта фактычна яшчэ малады чалавек. І калі б не турма, не знясіленне, не месяцы пад ціскам і псіхалагічным гвалтам, ён мог бы жыць доўга, працаваць, ствараць, быць побач з сям’ёй.

Але дыктатура не даруе тым, хто сышоў. Яна карае нават за сумленне. І за гэта грамадства працягвае плаціць чалавечымі жыццямі.

Светлая памяць Дзянісу. Спачуванні яго родным і блізкім.