Два дні таму мы пісалі пра новае патрабаванне вусатага дыктатара — узмацніць эканомію электраэнергіі…
Жыхары Мінска масава пішуць у сацсетках пра цёмныя вуліцы і двары. Горад, які ўлады любяць паказваць як «вітрыну стабільнасці», апынуўся ў паўзмроку, як у Паўночнай Карэі. Людзі іранізуюць, што сталіца вярнулася ў сярэднявечча, і пытаюцца, як дарослым бяспечна вяртацца дамоў з працы, а дзецям — са школы і з гурткоў.
Распаўсюджваюцца фота неасветленых праспектаў і двароў. Аўтамабілісты вымушаныя ўключаць дальняе святло фараў, а пешаходы — выкарыстоўваць ліхтарык або мабільны тэлефон. Нехта кпіць, нехта трывожыцца — і толькі дзяржаўныя прапагандысты ўсхваляюць рашэнне Лукашэнкі, кажучы, што вечарамі трэба сядзець дома і “кахацца”. Здаецца, гэтая мера задумвалася і для падвышэння нараджальнасці — але хто будзе нараджаць дзяцей у краіне, якая пагрузілася ў змрок?
Рэжым эканоміі святла ператвараецца ў чарговае пагаршэнне якасці жыцця. І ўсё часцей пытанне не ў ліхтарах — а ў тым, куды зніклі рэсурсы краіны і чаму за гэта зноў плацяць звычайныя людзі.