Яшчэ адна смерць беларускага ваяраАдышоў у вечнасць беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў, які зма…

Яшчэ адна смерць беларускага ваяра

Адышоў у вечнасць беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў, які змагаўся ва Украіне супраць расійскай арміі. Пра смерць 27-гадовага беларуса паведаміла яго жонка Вераніка.

“У пачатку 2025 году ён павярнуўся на службу ў ЗСУ і годна абараняў неба. Ён ёсць і быў выдатным сынам беларускай зямлі. Я захаплялася і захапляюся яго прагненнем да лепшага свету, у якім мы так хацелі стварыць вялікую сям’ю”, – напісала яна ў сацсетках.

Аляксей Лазараў таксама ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе, дапамагаў назіральнікам на выбарчых участках у Мінску. За ўдзел у вулічных акцыях яму пагражала турма, і ён з’ехаў з Беларусі. Як толькі пачалося паўнамаштабнае ўварванне, Аляксей пайшоў на фронт абараняць Украіну.

Партыя «Народная Грамада» выказвае глыбокія спачуванні родным, блізкім і ўсім, хто ведаў Аляксея. Мы схіляем галовы перад яго мужнасцю і ахвярай. Памяць пра Аляксея Лазарава будзе жыць – у нашай барацьбе, у нашай салідарнасці і ў нашай веры ў перамогу дабра над злом.