10 снежня 1948 года свет атрымаў адзін з найважнейшых дакументаў у гісторыі — Усеагульную дэкларацыю…

10 снежня 1948 года свет атрымаў адзін з найважнейшых дакументаў у гісторыі — Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Яна стала асновай разумення таго, што кожны чалавек мае права на жыццё, свабоду, бяспеку і справядлівасць, незалежна ад мовы, нацыянальнасці, рэлігіі ці перакананняў. Гэта не прывілей, а непарушная норма.

Гэты дзень — нагода не толькі ўспомніць пра каштоўнасць правоў чалавека, але і паглядзець, як яны рэальна выконваюцца. У Беларусі рэжым Лукашэнкі сістэматычна і цынічна парушае гэтыя прынцыпы. У 2020 годзе ўвесь свет убачыў маштаб гвалту, катаванняў, незаконных затрыманняў і ціску на мірных грамадзян.

Але рэпрэсіі не скончыліся. Яны сталі будзённасцю. Штодзённа парушаюцца правы палітвязняў — права на жыццё, на медыцынскую дапамогу, на справядлівую працу, на свабоду… Людзі ізаляваныя ад адвакатаў, сем’яў, дактароў, яны выконваюць рабскую працу, а пасля вызвалення іх проста выкідваюць з краіны.

Дзень правоў чалавека — гэта не свята. Гэта напамін пра тое, што і дагэтуль ёсць краіны, дзе правы чалавека парушаюцца. Пра тое, што маўчанне — гэта згода, бо пакуль мы маўчым, гэтыя парушэнні нябачныя. І пра тое, што Беларусь абавязкова вернецца да павагі чалавека, годнасці і свабоды.