У службах аховы (тых, якія апекваюцца двума-трыма асобамі ў краіне) уратаваньне аб’екту ад выпушчана…
Напэўна, у наш час захоп іншай краіны ўзброеным чынам (вайной) можна лічыць правалам палітыкаў, спэцслужбаў, дыпляматаў: яны мусілі «узяць» тэрыторыю без адзінага стрэлу (гэтак, як цяпер робіць Кітай, шляхам эканамічнай экспансіі).
І ў дачыненьні да Ўкраіны пуцінская вайна (як бы яна ня скончылася) — гэта правал Крамля.
А вось шматгадовыя дзеяньні Масквы адносна Беларусі — гэта посьпех.
У 1994 годзе толькі адзінкі казалі пра ролю расейскіх спэцслужбаў у перамозе Лукашэнкі. Асноўнымі прычынамі называліся папулізм кандыдата-фаварыта, які згуляў на эканамічных цяжкасьцях, сацыяльнай напружанасьці ды палітычным банкруцтве ўладаў. Пазьней прыйшло разуменьне больш глыбокіх фактараў — нізкага ўзроўню нацыянальнай сьвядомасьці і «маладых ваўкоў», якія вылучылі Лукашэнку, цудоўна ведаючы, хто ён такі, і насельніцтва, якое прагаласавала за прыхільніка аднаўленьня імпэрыі.
Гэтыя фактары я і цяпер лічу вызначальнымі. У Літве ці Польшчы абраньне чалавека, які адкрыта грэбуе літоўскай ці польскай мовай, было б немагчыма ні пры якіх умовах і ні пры якіх высілках іншай краіны. Але тое, што прасоўваньне Лукашэнкі ва ўладу ад пачатку і да канца адбывалася пры актыўным удзеле маскоўскіх спэцслужбаў — сумневу не выклікае.
Ужо праз некалькі тыдняў пасьля абраньня Лукашэнкі дэпутаты БНФ на чале з Пазьняком заявілі, што пачаўся захоп Беларусі Расеяй; фразы «гібрыдная акупацыя» тады яшчэ не было. Не існавала і сацсетак, таму мы не адчувалі хейту. Але ад калег-журналістаў чуў — «Слухай, ну вы ўжо занадта… Ды і навошта Маскве нашая жабрацкая Беларусь?».
Цяпер тое, што адбывалася ў наступныя дзесяцігодзьдзі, ацэньваецца як палітычнае, эканамічнае, інфармацыйнае і культурніцкае паглынаньне Беларусі Расеяй.
Пры гэтым краіна зрабілася палігонам «заходняга тэатру ваенных дзеяньняў» (калі глядзець з Масквы), а а прамысловасьць, ад машынабудаваньня да тэкстыльнай, працуе на расейскі ВПК.
Так, без адзінага стрэлу. Вышэйшы пілятаж імпэрскай палітыкі.
І сёньня, заяўляючы, што «Расея верне свае гістарычныя тэрыторыі», Пуцін мае на ўвазе ня толькі Ўкраіну, але і Беларусь (мяркую, што і іншыя былыя савецкія рэспублікі).
Беларусь ніколі яшчэ нагэтулькі блізка, як сёньня, не падыходзіла да пагрозы зьнікненьня з палітычнай мапы сьвету.
Але Пуцін ня зможа канчаткова захапіць Беларусь, не захапіўшы Ўкраіну.
І ён яе не захопіць, пакуль у сьвядомасьці ўсіх, хто цэніць свабоду, будзе цьвёрдае перакананьне, што Крым — гэта Ўкраіна.