21 лістапада 2025 года ў Вільні, у Сейме Літвы адбыўся доўгачаканы Сход Неабыякавых — падзея, якая а…

21 лістапада 2025 года ў Вільні, у Сейме Літвы адбыўся доўгачаканы Сход Неабыякавых — падзея, якая аб’яднала беларусаў з розных краін і стала важным крокам да фарміравання новай стратэгіі нацыянальнага руху.

Удзельнікі абмеркавалі ключавыя пытанні будучыні Беларусі, а таксама падзяліліся сваімі меркаваннямі наконт таго, як павінна выглядаць палітычнае прадстаўніцтва беларускага народа ў перыяд акупацыі тэрыторыі краіны Расейскай Федэрацыяй і пасля яе завяршэння. У чарговы раз удзельнікі Сходу адзначылі велічэзную ролю людзей, якія застаюцца сімваламі супраціву і натхнення.

Шмат гаварылася і пра стварэнне Беларускай Нацыянальнай кааліцыі —
пераходнага інстытуту нацыянальнага прадстаўніцтва і каардынацыі. Прынята рашэнне аб фарміраванні Рады кіраўніцтва і сектаральных аддзелаў — палітычнага, эканамічнага, бяспекі і інфармацыйнага.

Яшчэ адно важнае пытанне, якое было абмеркавана падчас Сходу — гэта пытанне гібрыднай акупацыі Беларусі. Беларусь на працягу многіх гадоў знаходзіцца пад фактычным кантролем Расіі, а з 2022 года — у стане адкрытай ваеннай залежнасці.
Таму  падрыхтавана рэзалюцыя «Аб прызнанні інтэрвенцыі і гібрыднай акупацыі Беларусі», і гэты аспект будзе прадстаўлены на ўзроўні структураў ЕС.

Асобна абмеркавалі і праблему дапамогі беларускім добраахвотнікам. Прагучала прапанова стварыць платформу, якая будзе забяспечваць юрыдычную падтрымку, гуманітарную дапамогу і інфармацыйныя сэрвісы.

Дзякуем Сейму Літвы за падтрымку Сходу! Дзякуем за ўдзел Спікеру Сейма Юозасу Олекасу і дэпутату Еўрапарламенту Пятрасу Аўштравічусу! А таксама вялікі дзякуй усім удзельнікам, якія зноў паказалі, што беларусаў нельга назваць абыякавымі.